В Поставском районе за деревней Боровки заготавливают березовый сок

Важное Экология

Запасайцеся бярозавікам

З усемагчымых напіткаў перавагу аддаю бярозаваму соку. Кожную вясну чакаю, калі да яго нарыхтоўкі прыступяць лясніцтвы. Люблю гэтым часам пабываць на месцы падсочкі, паназіраць, як з рышткоў у вялікія поліэтыленавыя мяшкі сцякае празрыстая вадкасць.

У панядзелак з калегай Наталляй Налей адправіліся ў пастаўскае лясніцтва. Яго ляснічы Алег Цыунель накіраваў нас у лес каля вёскі Бараўкі. Пераадолеўшы амаль кіламетр пешшу, на ўскрайку беразняку ўбачылі мяшкі з сокам. Тут жа быў трактар (яго лясніцтва арандуе ў райбыткамбіната) з дзвюма ёмістасцямі для соку. Арцём Новік адвязваў напоўненыя пакеты і падаваў на прычэп. Віталій Ляўко прымаў і выліваў сок у ёмістасць. Механізатар Сяргей Чарняўскі пад’язджаў да чарговай партыі.

За зборам соку Арцём Новік

— Мінулая ноч выдалася марознай, таму сёння збіраем бярозавы лёд, — жартавалі рабочыя. — Стараемся хутчэй даставіць у лясніцтва, бо попыт ёсць.

— У пятніцу прывезлі тону соку, і за пару гадзін яго раскупілі гараджане, — расказваў Алег Цыунель. — Ёсць пастаянныя кліенты нават з Мядзельскага раёна. Яно і не дзіўна:  бярозавік — не толькі смачны ахаладжальны напой, гэта яшчэ і карысны прадукт, сапраўдны прыродны лекар. У яго саставе фруктоза, глюкоза, шэраг мікраэлементаў і іншых рэчываў, неабходных арганізму чалавека.

Пералівае сок Віталій Ляўко

Медыцынскія даследаванні паказваюць, што ўжыванне хаця б адной шклянкі бярозавага соку ў дзень на працягу 2-3 тыдняў (аптымальна выпіваць тры разы на дзень за паўгадзіны да прыёму ежы) дапаможа арганізму справіцца са стомленасцю, вясеннім авітамінозам, дэпрэсіяй.

Часам даводзіцца чуць меркаванне, што збор бярозавага соку наносіць шкоду прыро­дзе. У лясніцтве мяне пераканалі, што гэта не так, калі строга выконваць правілы падсочкі. Адтуліна для жалабка павінна быць не глыбейшай за 2 сантыметры, у канцы сезона рану дрэва неабходна замазаць глінай. Так яно застаецца жывым. Дарэчы, з адной бярозы леснікі здабываюць не ўвесь сок, а ўсяго некалькі літраў.

Па натуральны прадукт звяртайцеся ў найбліжэйшае ад вас лясніцтва (акрамя камайскага і полаўскага). Цана за літр бярозавіку — 24 капейкі. Калі не маеце сваёй тары, можна набыць яе на месцы (5-літровыя поліэтыленавыя бутэлькі лясгас закупіў на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым прадпрыемстве). З улікам тары цана будзе 36 капеек.

Анна Анішкевіч
Фота аўтара і Наталлі Налей

Видео Натальи Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.