Таленты малой радзімы
Пад такой назвай у раённым Доме культуры прайшоў творчы вечар Людмілы Логінавай і Ігара Пракаповіча.
Іх тандэм зарадзіўся ў школьныя гады — вучыліся ў адным класе. Пасля паступілі ў розныя навучальныя ўстановы. Але пасля іх заканчэння лёс звёў зноў — абое прыйшлі працаваць настаўнікамі ў СШ №1, захапіліся музыкай і паэзіяй.
Iгар Пракаповіч скончыў геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працоўную дзейнасць пачынаў у Апідамскай базавай школе. Там захапіўся краязнаўствам. Свае назіранні і адкрыцці з падарожжаў занатоўваў. А пазней вырашыў аб’яднаць іх у асобную кніжку. З часам такіх кніжак набраўся не адзін дзясятак. Сфера інтарэсаў настаўніка шматгранная: геаграфія, гісторыя, астраномія, краязнаўства, паэзія. Распрацаваў шэраг вучэбных праграм. А ўвогуле Пастаўшчыне прысвяціў 28 выданняў. Ён аўтар больш чым 100 артыкулаў па краязнаўстве, якія друкаваліся ў розных выданнях.
Ігар Міхайлавіч — член Саюза беларускіх пісьменнікаў, Вучонага савета Беларускага геаграфічнага таварыства, старшыня раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Ён пераможца абласнога этапа конкурсу «Настаўнік года-95» і рэспубліканскага «Беларускі настаўнік-2009», лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны-2009», лаўрэат літаратурных прэмій часопіса «Маладосць» і імя Уладзіміра Караткевіча, прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Краязнаўца ўмее зацікавіць вучняў. Вольга Ражко ўспамінала той час, калі будучы яшчэ пяцікласніцай, пачала хадзіць з Ігарам Міхайлавічам у паходы, ездзіць на турыстычныя злёты і спаборніцтвы. Цяпер Вольга Дзмітрыеўна — завуч гімназіі, дзе Ігар Міхайлавіч выкладае геаграфію.
Пра сумесную з настаўнікам даследчыцкую работу на творчым вечары расказалі вучаніцы гімназіі Кацярына Музычэнка, Ларыса Скрыпко, Аліса Януш. А Марыя Рагіня, Ілья Барадзёнак, Дар’я Дрозд прачыталі вершы Ігара Пракаповіча пра родны край і беларускую мову. Цёпла гаварыла пра пісьменніка бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі імя Уладзіміра Дубоўкі Людміла Сяменас.
Людміла Логінава настаўніцай музыкі ў СШ №1 працуе 36 гадоў. Прыйшла сюды адразу пасля заканчэння інстытута. За кароткі час паспела згуртаваць каля сябе вучняў, якія захапляліся музыкай і песнямі. З многімі былымі выхаванцамі падтрымлівае сувязі і цяпер. На творчы вечар настаўніцы прыйшлі яе першыя вучаніцы Дзіяна Аляксеева і Вікторыя Пятрова. Разам яны выканалі сваю любімую песню «Две судьбы». З удзелам Людмілы Леанідаўны праходзіць усё, што звязана з музыкай: ранішнікі, выпускныя вечары, тэматычныя і конкурсныя праграмы. Яна шмат гадоў кіруе школьнай творчай майстэрняй, гуртком ігры на гітары.
Настаўніца не абмяжоўваецца толькі работай з дзецьмі і народным хорам настаўнікаў. Творчасць жыве ў ёй самой і выліваецца ў новыя аўтарскія песні. Больш за 70 — напісаныя на словы мясцовых паэтаў Ігара Пракаповіча, Леаніда Трубача, Марыны Пылінскай, Марыны Кавалёнак, Аксаны Марозавай.
На мерапрыемстве вершы чаргаваліся з песнямі. Іх пад акампанемент дзвюх гітар Людміла Логінава выконвала ў дуэце з вучаніцай 10 класа СШ №1 Алесяй Буйко. Пранікнёна спявала вакальная група народнага хору настаўнікаў, саліст Пётр Кароль.
У заключэнне вечара слова ўзяла былы намеснік старшыні райвыканкама Ала Кейзік, якая добра ведае абаіх настаўнікаў, любіць іх творчасць. Шмат цёплых слоў прагучала таксама з вуснаў калег, сяброў, знаёмых. Яны дзякавалі арганізатарам мерапрыемства і яго героям за магчымасць наталіцца мастацтвам.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара