«Всегда была примером женственности, мудрости». 1 марта Валентина Совко отметила 90-й день рождения

Общество

Шлях у 90 гадоў

Напісаць пра Валянціну Антонаўну Соўку, якая 1 сакавіка адзначыць свой 90-ы дзень нараджэння, папрасілі пастаўчанкі Вера Шыман, Ала Сіскевіч і Рэгіна Дзявяткіна, якія разам з ёй працавалі ў сістэме грамадскага харчавання раёна.

— Кожны з нас меў свой участак работы, — гаварылі яны. — Валянціна Антонаўна была поварам у кафэ «Паазер’е», затым — у «Лагуне». Перасякаліся часта. Памятаем, якой яна была акуратысткай: халат, каўпак — бялюткія-бялюткія, накрухмаленыя, на кухні — ідэальны парадак. А яшчэ яна з’яўлялася для нас прыкладам жаноцкасці, мудрасці.

Валянціна Антонаўна ад сустрэчы з карэспандэнтам доўга адмаўлялася, маўляў, хто я такая — звычайная работніца. Але ўжо тое, што за плячыма жанчыны шлях у 90 гадоў, заслугоўвае ўвагі.

Успаміны пра дзяцінства пачынаюцца з хутара каля Чарэмушнікаў Пагарных. У сям’і было чацвёра дзяцей, іх асабліва не песцілі, рана прывучалі да работы. Валя 7-гадовай дзяўчынкай нярэдка ездзіла па начах пасвіць коней, працавала на зямлі. Ёй было 11, калі пачалася вайна. Вялікі дом Станюшаў (дзявочае прозвішча жанчыны), у якім было 11 вокнаў з прыгожымі аканіцамі, занялі немцы. Гаспадары туліліся за печчу. Восенню 1943-га мужчын з хутароў фашысты сагналі ў вялікае гумно і збіраліся спаліць зажыва. Адзін з вяскоўцаў добра размаўляў па-польску (хтосьці з немцаў разумеў польскую мову), і яму ўдалося пераканаць немцаў не рабіць гэтага. Затым паступіў загад выязджаць у дарогу.

Валянціна Антонаўна Соўка

— Тата паспеў ссыпаць у куфар збожжа і закапаць у зямлю, — успамінала Валянціна Антонаўна. — Запрог каня, пасадзіў нас, дзяцей, бабулю на воз, а сам з мамай ішоў побач. Немцы тым часам падпальвалі факеламі стрэхі хат. Мы ехалі ў бок Пастаў, а за плячыма на хутарах гарэлі пабудовы. Абоз расцягнуўся на многія кіламетры, у ім ехалі жыхары Полава, Балаёў, іншых вёсак. Татава радня з Пастаў прыдумала план нашага выратавання. Рухаючыся па Ленінскай, мы змаглі ўцячы. Так пазбеглі гета і вывазу на прымусовыя работы ў Германію. Памятаю, як атрымлівалі па картках хлеб: яго выдавалі ў тым будынку, дзе цяпер размяшчаецца пошта.

Пазней Станюшы перабраліся да радні ў Кадукі. Усю зіму ў невялікай хаце жылі тры сям’і па 5-6 чалавек. Харчаваліся бульбай з раўгеняй. У Чарэмушніках адкапалі схаванае збожжа, прывезлі на новае месца жыхарства, малолі і пяклі хлеб. На месцы былой хаты, якую спалілі немцы ў роднай вёсцы, бацька Валянціны ўзяўся будаваць новую. Вясной засяліліся ў яе. Хутка гаспадар цяжка захварэў і памёр. Маёй суразмоўцы даводзілася самой і за плугам хадзіць, і касіць. Рабіла гэта не горш за мужчын.

Арганізаваўся калгас, але лягчэй не стала. Успамінала, як яшчэ з чатырма вясковымі дзяўчатамі за паўтара дня выкапалі траншэю для сіласу. А зарплату ім выдалі алеем, мукой, цукрам. І гэта было за шчасце! Напрацаваўшыся днём у калгасе, і дома ўпраўлялася з гаспадаркай, садзілася за кросны і ткала дываны, ручнікі. Любіла вышываць. Для сябе магла пашыць любую рэч.

— Затое як шанавалі ў доме мужа! — з’яўляюцца вясёлыя іскрынкі ў вачах Антонаўны. — Пасваталіся да мяне і замуж узялі прыгожа. Здаралася, што некаторыя дзяўчаты з танцаў, не распісваючыся, адразу ішлі жыць у дом свайго абранніка. А нам з Пятром справілі хоць сціплае, але вяселле. Свякроў трапілася вельмі добрая: я іду на калгасную работу — яна пячэння мне напячэ, вярнуся — найперш прапануе адпачыць.

Потым Валянціна з мужам пераехалі ў Паставы, яна ўладкавалася ў сталовую СПТВ. Жылі на здымнай кватэры і будавалі дом, нарадзіўся сынок. Неяк прыехалі з баранавіцкага вучылішча выкладчыкі і з работнікаў сталовай адабралі некалькі чалавек для вучобы на повара. У іх лік трапіла і Валянціна Соўка. Сталовая СПТВ тады ўваходзіла ў склад аб’яднання грамадскага харчавання раёна. Кіраўніцтва, запрыкмеціўшы спрыт, старанне і адказнасць жанчыны, перавяло яе ў сталовую на плошчы Леніна. Працаваць тут было няпроста — кожны дзень прыходзілі абедаць па 450 чалавек. Валянціна Антонаўна з удзячнасцю ўспамінала Веру Шыман, Валянціну Іпацьеву, Алу Сіскевіч, Іну Лашчотку, Іну Сіманьку, Марыю Ананьеву, дырэктара Юзэфу Браніславаўну Дудчанку і іншых, з кім ёй давялося працаваць.

— Мінула столькі гадоў, як я на пенсіі, а работа помніцца да драбніц, — гаварыла Валянціна Антонаўна. — Пакуль магла хадзіць у царкву, то ў цэнтры горада часта сустракала тых, хто харчаваўся ў сталовай. Яны не праміналі падзякаваць за культурнае абслугоўванне, смачныя абеды. Прыемна! Маіх равеснікаў мала засталося, таму рада, калі хто патэлефануе. Ахінаюць клопатам сын і нявестка, радуюць двое ўнукаў і тры праўнучкі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.