За 2019 год на объектах железнодорожного транспорта Поставского района выявлено 18 правонарушений

Безопасность

Чыгунка не даруе памылак

Ахова грамадскага парадку і забеспячэнне бяспекі грамадзян на аб’ектах чыгуначнага транспарту — адна з задач, над вырашэннем якой працуюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Наколькі яна актуальная, сведчыць статыстыка няшчасных выпадкаў на чыгунцы: кожны год пад коламі цягнікоў гінуць і атрымліваюць траўмы дзясяткі беларусаў.

Большасць людзей становяцца інвалідамі ці наогул развітваюцца з жыццём па ўласнай віне. Адны выкарыстоўваюць чыгуначныя пуці, каб скараціць свой шлях. Іншыя пераходзяць іх ва неўстаноўленых месцах, не ўпэўніўшыся ў адсутнасці цягніка, перасякаюць на пераездах пры закрытым шлагбауме або чырвоным сігнале святлафора, падлазяць пад вагоны і пералазяць праз аўтасцэпкі для праходу праз пуць на чыгуначных станцыях і перагонах. Пры гэтым нярэдка грамадзяне знахо­дзяцца ў нецвярозым стане або ў навушніках, у якіх гучыць музыка.

Ёсць ахвяры на чыгунцы і ў Пастаўскім раёне. У кастрычніку мінулага года на пераездзе ў вёсцы Стары Двор грузавым цягніком быў смяротна траўміраваны 22-гадовы жыхар Лучая, які ў стане алкагольнага ап’янення сядзеў на пуці.

Яўгеній Малікаў паказвае папулярнае месца пераходу праз чыгунку за 5-м гарадком

Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама праводзяць вялікую прафілактычную работу з насельніцтвам.

— Мы рэгулярна бываем на чыгуначных станцыях Паставы, Варапаева, Лынтупы і даводзім людзям, дзе і як правільна пераходзіць пуці, пра тое, што забаронена ўжываць алкагольныя напіткі ў цягніках, і іншае, — расказваў часова выконваючы абавязкі па пасадзе намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС райвыканкама Яўгеній Малікаў. — Пра меры бяспекі на аб’ектах чыгуначнага транспарту нагадваем і па гучнай сувязі. Выступаем у школах, арганізацыях і на прадпрыемствах раёна. Таксама разам з работнікамі Варапаеўскай дыстанцыі пуці кожны месяц праводзім рэйды па недапушчэнні траўматызму на тых участках чыгункі, дзе людзі звычайна выходзяць на пуці.

Такіх участкаў толькі ў Паставах не менш за пяць. Самыя «папулярныя» — за мікрараёнам будаўнікоў, дзе жыхары вуліцы Ленінскай і суседніх з ёй пераходзяць пуці, ідучы на работу ў паркетны цэх ПМЦ і вяртаючыся дамоў; адрэзак чыгункі ад вуліцы Зялёнай да Ленінскай, па якім некаторыя грамадзяне пешшу дабіраюцца з аднаго мікрараёна горада ў другі; месца перасячэння чыгуначнага палатна са сцежкай, якая вядзе да стрэльбішча за 5-м гарадком.

Усе іх міліцыянеры добра ведаюць. Часцей за ўсё правапарушальнікаў папярэджваюць, зрэдку — выпісваюць штраф. Так, летась да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты тры чалавекі. Адзін — па артыкуле 18.3 КаАП Рэспублікі Беларусь «Парушэнне правіл, якія забяспечваюць бяспеку руху на чыгуначным або гарадскім электрычным транспарце», двое — па арт. 18.15 «Парушэнне правіл праезду чыгуначнага пераезда». А ўсяго за 2019 год на аб’ектах чыгуначнага транспарту раёна выяўлена 18 правапарушэнняў, 15 з якіх звязаны з распіццём алкагольных, слабаалкагольных напіткаў і піва, ужываннем наркатычных і псіхатропных рэчываў.

Па словах Яўгенія Малікава, колькасць прыцягнутых да адказнасці грамадзян паступова зніжаецца (у 2018 годзе іх было 21), што звязана з узмацненнем прафілактычнай работы. На працягу мінулага года міліцыянерамі праведзена ажно 69 рэйдаў па адпрацоўцы прыпыначных пунктаў і перагонаў, 115 выступленняў ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах і ў арганізацыях Пастаўшчыны. Пераважная большасць насельніцтва разумее: чыгунка — зона павышанай небяспекі і яна не даруе памылак.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.