Сёння – Дзень войскаў супрацьпаветранай абароны
Дальназоркія ахоўнікі паветраных граніц
1-ы радыёлакацыйны цэнтр войскаў ВПС і СПА, які дыслацыруецца ў Паставах, на працягу апошніх гадоў прызнаваўся найлепшым сярод падраздзяленняў 49-й радыётэхнічнай брыгады. Не страціла лідзіруючых пазіцый воінская часць і сёлета. А ўсё таму, што кожны з васьмі разлікаў цэнтра бездакорна нясе баявое дзяжурства і дэманструе выдатную баявую падрыхтоўку.
Умацаванню пазіцый РТЦ у прафесійным спаборніцтве паслужыў і радыёлакацыйны ўзвод, які ўзначальвае капітан Мікалай Іваноў. У цэнтры ён з 2010-га, разлікам кіруе з мінулага года. Да гэтага служыў у 825-м зенітна-ракетным палку, куды размеркавалі пасля заканчэння Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Інжынер радыёсістэм».

— На ўзбраенні нашага ўзвода знаходзяцца радыёлакацыйная станцыя «П-18БМА» і рухомы радыёвышынямер на базе КрАЗ-255, — дэманструе тэхніку Мікалай Іваноў. — Станцыя мадэрнізавана некалькі гадоў назад і па сукупнасці параметраў — зоне выяўлення, перашкодаабароненасці, дакладнасці вымярэння каардынат і інш. — значна перавышае былыя магчымасці. Зараз аўтаматызаваным спосабам можна суправаджаць да 150 цэляў. Для параўнання: калі ваеннаслужачы здольны сачыць за 8-10 суднамі, то па нарматыве гэта «выдатна». Апроч таго, камфорт разліку падтрымліваюць кандыцыянер і кушэтка для адпачынку.
Станцыя з’яўляецца высокамабільнай: не больш чым за паўтары гадзіны можа згарнуцца і высунуцца ў прызначаны раён, разгарнуцца і прыступіць да выканання баявой задачы. Вышынямер і станцыя прызначаны для выяўлення і вызначэння такіх параметраў, як азімут, далёкасць і вышыня цэлі.
Сёння ў радыёлакацыйным узводзе 10 ваеннаслужачых. Іх штодзённы абавязак — суправаджаць паветраныя судны, сачыць, каб яны не парушалі правілаў карыстання паветранай прасторай Беларусі, у экстранных сітуацыях пераводзіць электрасілкаванне з прамысловай сеткі на дызельнае. Апроч паўсядзённай службы і ўсемагчымых вучэнняў, дзяжурныя сілы вайскоўцаў правяраюцца палётамі кантрольных цэляў. Гэта значыць, час ад часу вышэйстаячае камандаванне імітуе палёты самалёта-парушальніка.
За час сваёй службы, якая ўжо выйшла на фінішную прамую і завершыцца ў маі, радавы Глеб Смаляк ніводнага разу не прапусціў такі армейскі «фэйк». Выдатна праявіў сябе на вучэннях і падчас нясення баявых дзяжурстваў. За Глебава ўзорна-паказальнае стаўленне да службы яго бацькі неаднойчы атрымлівалі падзячныя лісты ад камандзіра часці, а сам ён замест прадугледжаных дзесяці сутак водпуску гуляў ажно 19. Зараз хлопец перадае атрыманы вопыт маладому папаўненню і саслужыўцам па разліку. Сярод іх — радавыя Аляксей Тапчын і Канстанцін Фамаідзі. Лёша ў арміі з мая мінулага года, Косця — з лістапада. Абодва звольняцца ў запас праз 7 месяцаў. Ну а пакуль добрасумленна праходзяць службу і ўпэўненыя, што школа жыцця пойдзе ім толькі на карысць, узбагаціць новым досведам, навучыць выходзіць з зоны камфорту, дазволіць зразумець, што такое армейскае братэрства.
Вераніка Філановіч