11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

75 лет Победы

Памятаем і клапоцімся

Сёння – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Гісторыя чалавецтва захоўвае шмат сумных дат і жахлівых падзей, многія з якіх выпалі на ХХ стагоддзе. Адной з самых страшных старонак гісторыі сталі фашысцкія канцэнтрацыйныя лагеры, або лагеры смерці, праз якія з 1933-га па 1945 год прайшлі каля 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету. Каля 12 мільёнаў з іх загінулі, пры гэтым кожны пяты вязень быў дзіцем. У памяць пра загінулых і тых, хто выжыў, штогод 11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

На Пастаўшчыне сёння пражываюць 63 вязні фашызму, якія, як і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, знаходзяцца пад асаблівай увагай улады і апекай сацыяльнай службы. Штогод ім аказваецца матэрыяльная дапамога на набыццё лякарстваў, якія дорага каштуюць, паліва і іншыя патрэбы. У рамках дзяржаўнай праграмы «Аб сацыяльнай абароне і са­дзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гг.» у раёне рэалізуецца падпраграма «Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў і пажылых грама­дзян», якая ўключае ў сябе шэраг мерапрыемстваў па выніках абследавання ўмоў пражывання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, пацярпелых ад яе наступстваў. Гэта бясплатная ўстаноўка ў дамах аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, рамонт пячнога ацяплення і электраправодкі і іншае.

Таксама на працягу 2016—2019 гадоў Пастаўскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемаразуменне» былі рэалізаваны два праекты па аказанні дапамогі ветэранам вайны і вязням фашысцкіх канцлагераў, якія фінансаваліся нямецкім фондам «Памяць, адказнасць і будучыня». На днях прадстаўнікі гэтага аб’яднання даслалі ў нашу рэдакцыю віншаванне, якое па іх просьбе публікуем.

«Дарагія нашы бацькі, бабулі і дзядулі!

75 гадоў назад закрылася страшная старонка вашага жыцця. Тады, у далёкім дзяцінстве і юнацтве, вам здавалася, што самае цяжкае засталося ззаду, разам з вызваленнем з фашысцкай няволі наступіць век шчасця, калі жыццё прыме ў свае ласкавыя абдымкі, будзе толькі ўсміхацца і дарыць радасць. Аднак лёс распарадзіўся інакш і па-ранейшаму працягвае выпрабоўваць ваша пакаленне на трываласць, жыццялюбства і цярпенне. Вось і зараз, у такія важныя для ўсіх нас дні, вы пазбаўлены магчымасці сабрацца разам у адной зале для сумесных успамінаў, раздзяліць агульную радасць з блізкімі і сябрамі.

На жаль, мы не можам быць побач. Але наша жыццё напоўнена думкамі пра вас, трывогай за ваша здароўе і бяспеку. А вы ў чарговы раз падаяце нам прыклад упэўненасці, асабістай адказнасці і мудрасці. Прыміце самыя шчырыя словы з нагоды Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў і віншаванні з надыходзячым 75-гадовым юбілеем Вялікай Перамогі! Жадаем вам здароўя і сіл, дабрабыту, атрымліваць асалоду ад кожнага пражытага дня, каб цеплыня зыходзіла не толькі ад вашых сэрцаў, але і ад увагі і падтрымкі людзей, якія вас акружаюць».

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.