Гарачы аўторак
7 красавіка на Пастаўшчыне адбыліся ажно тры пажары.
Першы трывожны званок у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіў а палове адзінаццатай гадзіны раніцы. Той, хто тэлефанаваў, паведаміў, што ў Паставах гарыць двухпавярховы цагляны дом па вуліцы Чырвонаармейскай, 17, у якім знаходзяцца магазіны «Техномир» і BAG STORE. Ужо праз 4 хвіліны пажарныя разлікі былі на месцы, і агонь не паспеў разгарэцца — назіралася толькі задымленне паддашкавага памяшкання. Ачаг узгарання хутка ліквідавалі, ніхто з жыльцоў дома — а ў ім размешчаны 9 кватэр — не пацярпеў. Прычына пажару ўстанаўліваецца. Хутчэй за ўсё, яго выклікала парушэнне правіл устройства сістэмы ацяплення.
Парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення разглядаецца ў якасці прычыны пажару ў двухпавярховым жылым доме ў аг. Камаі. Узнік ён каля 14.30 у кватэры 79-гадовай пенсіянеркі, якая на той момант была на вуліцы. У выніку ў адным з пакояў пашкоджаны дзвярныя і аконныя блокі, маёмасць, пакрыты копаццю сцены.
Яшчэ адзін пажар адбыўся днём на былой малочнатаварнай ферме ў г.п. Лынтупы. Агонь пасялкоўцы заўважылі не адразу і позна паведамілі ў РАНС. Калі ратаўнікі прыбылі па ўказаным адрасе, ферма была ахоплена полымем, абваліўся дах. Дакладная прычына пажару не вядома і ў гэтым выпадку. Мяркуецца, што віной стала дзіцячае свавольства з агнём.
9 красавіка ратаўнікам давялося зноў выязджаць на тушэнне пажару па вуліцы Чырвонаармейскай, 17, у Паставах. На гэты раз тут загарэлася цагляная павець для дроў. Прычына ўстанаўліваецца. Разглядаюцца версіі падпалу і неасцярожнага абыходжання з агнём.
Усяго з пачатку года на Пастаўшчыне адбылося 16 пажараў, у якіх загінуў 1 чалавек. Для параўнання: на гэту ж дату летась было зарэгістравана 12 пажараў і 1 загінулы.
Алена Шапавалава