Автолавка приезжает в деревню Михничи ради ее единственной жительницы — Елены Жук

Общество

Аўталаўка для бабулі

Па дарозе ў поле ў вёсцы Міхнічы Юнькаўскага сельсавета заўважаем аўтамагазін і спыняемся.

— Зараз уступім вам дарогу! — кажа вадзіцель Аляксандр Бароўка. — Вось толькі бабуля разлічыцца за тавар.

Аказалася, што гэта адзіная пакупніца ў Міхнічах, паколькі на ўсю вёску яна адзіная жыхарка.

— Мне ўжо 84 гады, — дзялілася Алена Ігнацьеўна Жук. — Я нікуды пераяз­джаць не збіраюся, прывыкла тут. І як жа добра, што прыходзіць аўталаўка! У ёй і купляю ўсё, што трэба.

У той раз аб’ёмная сумка Ігнацьеўны была паўнюткай. Набліжаўся каталіцкі Вялік­дзень, таму жанчына закупляла не толькі самыя неабходныя харчовыя тавары, але і далікатэсы.

Адзіная жыхарка Міхніч Алена Ігнацьеўна Жук з прадаўцом аўтамагазіна Кацярынай Шлягай

Здзіўляюся, сустрэўшы ў якасці прадаўца аўтамагазіна Кацярыну Шлягу, якую заўсёды бачыла за прылаўкам магазіна «Дзявятачка» ў райцэнтры. Каця тлумачыць, што часова падмяняе Людмілу Касарэўскую, якая пастаянна працуе на гэтым маршруце, але зараз знаходзіцца на бальнічным. Прашу прадаўца і пакупніцу папазіраваць перад фотакамерай і атрымліваю згоду. Каця крышку ссоўвае маску з носа — якой жанчыне не хочацца прыгожа выглядаць?

Кадр зроблены, і наша кароткая сустрэча завяршылася. Рэдакцыйная аўтамашына накіравалася ў поле да механізатараў, якія падкормлівалі азімыя, аўтамагазін — у іншыя вёскі, дзе яго чакалі па графіку.


У Пастаўскім раёне 9 аўтамагазінаў абслугоўваюць 335 населеных пунктаў. У 223-х з іх пражывае да 10 чалавек, у 17-ці па 1-2.


Вярнуўшыся ў Паставы, я пацікавілася ў дырэктара Пастаўскага філіяла Віцебскага абласнога спажыўтаварыства Ганны Сянько, ці шмат такіх вёсак, у якіх па 1-2 чалавекі. І пачула ў адказ: 17, яшчэ ў 223-х пражывае да 10 жыхароў. Усяго ў раёне 9 аўтамагазінаў, якія абслугоўваюць 335 сельскіх населеных пунктаў. У дадатак з восені мінулага года 3 пастаўскія аўтамагазіны ўзялі на абслугоўванне дзясяткі вёсак Шаркаўшчынскага раёна. Зразумела, такая форма гандлю стратная. Але неабходная. І кааператары не могуць не паклапаціцца пра вяскоўцаў, бо ні «Суседзі», ні іншыя буйныя гандлёвыя прадпрыемствы такую місію на сябе браць не жадаюць.

Што да таварнай насычанасці, то ў аўтамагазінах маюцца не толькі прадукты харчавання, але і абавязковы асартымент прамысловых тавараў першай неабходнасці. Таксама прымаюцца папярэднія заказы на іншыя тавары, у тым ліку такія буйнагабарытныя, як халадзільнікі, пральныя машыны, газавыя пліты і інш. Можна нават будаўнічыя матэрыялы заказаць. Але іх даставіць ужо іншы транспарт.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.