«Дети приходят, хоть и не так массово». В РЦДМ продолжают работать кружки по интересам

Образование

Не сумуюць з цэнтрам

Гэтыя вясеннія канікулы ў школьнікаў аказаліся як ніколі доўгімі. Але вучням ёсць чым заняцца ў вольны час.

У большасці школ Пастаўшчыны былі арганізаваны лагеры, па раней зацверджаным плане працаваў раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Праўда, цяперашняя сітуацыя з каранавірусам унесла ў яго работу некаторыя карэктывы.

У РЦДМ бываю даволі часта. І заўсёды на ўваходзе мяне сустракае дзяжурны, які запісвае ўсіх наведвальнікаў у спецыяльны журнал. На гэты раз жанчына ў медыцынскай масцы і пальчатках перш-наперш папрасіла прадэзінфіцыраваць рукі. Бутэлька з антысептыкам стаяла побач з ёй на стале.

Выконваю абавязковую працэдуру і паднімаюся на другі паверх. Дзяцей, якіх звычайна сустракала ў калідорах і на лесвіцы, не відаць. Але пра іх прысутнасць сведчаць гукі музычных інструментаў, якія даносяцца з аднаго з кабінетаў. Тое, што школьнікі па-ранейшаму наведваюць установу, пацвярджае яе дырэктар.

— Дзеці прыходзяць, хоць і не так масава, як раней, — кажа Леака­дзія Пушкар. — У нас працуюць усе аб’яднанні па інтарэсах. Пераважная большасць мерапрыемстваў падчас канікул праводзіцца ў іх. Таксама вучні мелі магчымасць удзельнічаць у анлайн-праекце Віцебскага абласнога Палаца дзяцей і моладзі пад назвай «Нясумныя канікулы».

— Штодзень на сайце палаца публікаваліся розныя віктарыны і конкурсы для жадаючых праявіць сябе. З дапамогай кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах мы даводзілі гэту інфармацыю да дзяцей, і яны, седзячы дома, дыстанцыйна прымалі ўдзел. Тыя, хто не жадае або не можа па нейкіх прычынах наведваць нашы аб’яднанні, атрымліваюць ад педагогаў невялікія хатнія заданні. Напрыклад, па вырабе велікодных сувеніраў. Гатовыя работы затым прыносяць у цэнтр або дасылаюць іх фотаздымкі па Viber, — расказвала педагог-арганізатар РЦДМ Ганна Казлоўская.

Час работы аб’яднанняў па інтарэсах карэкціруецца па жаданні дзяцей: у некаторых заняткі праводзяцца раней, чым звычайна. Што да анлайн-праектаў, то, па словах Ганны Бярнардаўны, іх мяркуюць рэалізоўваць і ў цэнтры. Гэта пытанне будзе абмеркавана з саветам дзіцячай ініцыятывы, які тут працуе. Савет прымае актыўны ўдзел у жыцці ўстановы: афармляе сцэну да розных свят і аб’явы з запрашэннем на іх, працуе над зместам мерапрыемстваў, штоквартальна выпускае газету «Шлях да поспеху», у якой расказвае пра ўсё, што адбываецца ў РЦДМ. У склад савета ўваходзіць каля 20 дзяцей рознага ўзросту з усіх аб’яднанняў. Яны збіраюць і апрацоўваюць інфармацыю для выдання, якое затым з цікавасцю чытаюць не толькі школьнікі, але і іх бацькі і педагогі.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.