Елена Пралич из Воропаева работает социальной няней в семьях, в которых воспитываются дети с инвалидностью

Общество

Не толькі няня, але і сябар

Алена Праліч з Варапаеава — эканаміст па адукацыі. Але знайшла сябе ў іншай прафесіі: працуе сацыяльнай няняй у сем’ях, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю. Гэта паслуга вельмі зручная для бацькоў — дае магчымасць заняцца вырашэннем надзённых пытанняў, адпачыць.

Алена Уладзіміраўна ўладкавалася ў ТЦСАН у 2018 годзе. Даглядае хворых дзетак на варапаеўскім участку ў дзвюх сем’ях. Першыя крокі ў новую прафесію, як прызнаецца сама, былі няўпэўненымі. Але сёння ўжо зусім іншая справа, Сонечка і Мікітка рады сустрэчы з няняй, а яна вельмі рада бачыць іх. Дзеткі адчуваюць, што побач з імі добры чалавек, іх не падманеш. У свой свет яны прымаюць толькі шчырасць і любоў.

— Пачынаць было страшна: баялася зрабіць нешта не так, — успамінала Алена Праліч. — Вучылася выхаванцаў карміць, бавіць з імі час. А аказалася, уся справа ў цярпенні. Я шчаслівая, калі Соня і Мікітка мне ўсміхаюцца, працягваюць свае ручкі… Бачу, што яны мне давяраюць.

Сацыяльная няня расказвала, што за гады работы з лічбамі яе сэрца зачарсцвела. А дзеці, якіх наведвае, дапамаглі яго растапіць. Звычайна людзі не ўсведамляюць у поўнай меры, з якімі праблемамі сутыкаюцца бацькі такіх дзяцей. Не выключэнне і Алена Праліч. Па яе словах, толькі калі стала працаваць сацыяльнай няняй, зразумела, наколькі неабходная дапамога гэтым сем’ям. Як кажуць, добрая работа тая, дзе адчуваеш сябе патрэбнай.

У паўсядзённыя абавязкі Алены Ула­дзіміраўны ўваходзяць кармленне, санітарна-гігіенічныя працэдуры, навучанне самаабслугоўванню. А самыя цікавыя хвіліны, безумоўна, гульні. Разам з Соняй і Мікітам у сем’ях падрастаюць малодшыя здаровыя дзеткі. Няня імкнецца аб’яднаць іх агульным заняткам, сумесным баўленнем часу.

Сацыяльная няня — гэта ў першую чаргу прафесія, якая патрабуе ад чалавека адказнасці, ураўнаважанасці, вытрымкі і, вядома ж, любові да дзяцей. Неабходна знайсці падыход не толькі да кожнага падапечнага, але і да бацькоў. Вельмі важна быць з імі адкрытымі.

Пры неабходнасці Алена Уладзіміраўна спяшаецца ў сем’і нават у вольны ад працы час. Праўда, ужо не як сацыяльная няня, а як сябар. На маё пытанне, ці не пашкадавала пра тое, што кардынальна змяніла род занятку, адказала цвёрдае «не». І патлумачыла:

— Дзеці адцягваюць ад праблем, даюць новы зарад энергіі. На многае пачынаеш глядзець з іншага боку.

Назіраючы за і Соняй і Мікітам, Алена Праліч адзначае станоўчыя змены ў іх штодзённай барацьбе з хваробай. А гэта галоўная ўзнагарода за працу.

Святлана Шафаровіч
Фота з архіва Алены Праліч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.