Нарэшце па-гаспадарску
Хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства «Навасёлкі-Лучай» паспяхова завяршылі сяўбу яравых зерневых і зернебабовых у пяці аддзяленнях: навасёлкаўскім, коўзанскім, лучайскім, цешалаўскім і старадворскім. Зараз вядуць яе ў шостым, вайцяхоўскім. Яшчэ 2 гады таму тутэйшыя землі належалі райаграсэрвісу, але сапраўднай гаспадарскай рукі не бачылі. Зараз прадпрыемства знаходзіцца ў стадыі банкруцтва, а яго землі рашэннем райвыканкама перададзены ў часовае карыстанне СП «Дунілавічы-агра», ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай», якія пачалі па-сапраўднаму гаспадарыць на іх.

— Райаграсэрвіс частку зямель так-сяк апрацоўваў, а частка ўвогуле знаходзілася ў запусценні, — расказвала галоўны аграном таварыства «Навасёлкі-Лучай» Алена Касцюк. — Нашай гаспадарцы дасталася больш за 1 000 гектараў. Карціна, якую мы ўбачылі, аптымізму не ўсяляла. Восенню 2018-га пачалі акультурванне палеткаў. На некалькіх сотнях гектараў правялі зяблевае ворыва. Вясной 2019-га пасеялі 440 гектараў яравой пшаніцы, восенню таго ж года — 242 гектары азімай на корм жывёле. На жаль, месцамі яна вымакла, таму зараз ушчыльняем пасевы. Падкармілі мінеральнымі ўдабрэннямі.

Ад Навасёлак да Вайцяхоў — 38 кіламетраў, а да Рымак, куды распасціраюцца цяпер ужо навасёлкаўскія палеткі, — больш за 50. Безумоўна, з-за такой вялікай адлегласці працэс гаспадарання ўскладняецца. Тым больш што тут няма тэхнічнай базы, усё даводзіцца дастаўляць з цэнтральных майстэрняў. Але пасаваць перад цяжкасцямі не ў правілах навасёлкаўцаў. Яны паставілі за мэту ўцягнуць у вайцяхоўскім аддзяленні ў севазварот кожны кавалак зямлі і настойліва ідуць да гэтага. Якасна вядзецца яе ворыва, апрацоўка і сяўба. Праязджаючы ўздоўж палёў, нельга не заўважыць, што на іх пашчыравалі сапраўдныя гаспадары. Каля 600 гектараў зоймуць у аддзяленні зерневыя і зернебабовыя, 110 — яравы рапс.
