Палявая фотагалерэя

Пяцігадовы Яраслаў апярэдзіў маму і першым раскрыў свежы нумар «Пастаўскага краю». Увагу хлопчыка прыцягнулі каляровыя здымкі. І праз хвілінку голас малога зазвінеў радасцю: «Татка ля трактара! Мой татка!»



Яго тата задзейнічаны на сяўбе. Ідзе на працу — малы яшчэ спіць, вяртаецца дадому — ужо спіць. Ад цямна да цямна працуюць зараз усе механізатары, занятыя на палявых работах. Веснавы дзень год корміць — сцвярджае народная прымаўка. Ёй і кіруюцца гаспадары зямлі.



Сустракаючыся з імі на палетках, заўсёды адчуваю, як даражаць яны часам. Таму і лаканічныя ў размове, а яшчэ вельмі нязвыкла ім пазіраваць перад аб’ектывам фотаапарата. Затое ў кабіне трактара адчуваюць сябе ўпэўнена. Толькі калі здараецца паломка, гараць нервы. Хочацца зрабіць і зарабіць як найбольш, а прыходзіцца займацца рамонтам.


Зрэшты, з кім ні размаўляла, ніхто не скардзіўся на цяжкасці, хаця іх хапае. Усе дружна і настойліва займаліся агульнай і самай важнай справай — закладвалі аснову будучага ўраджаю. У тое, што раён паспяхова спраўляецца з усімі палявымі работамі, асабісты ўклад уносіць кожны з механізатараў, якіх вы бачыце на гэтых здымках. Адны займаюцца ворывам глебы, другія — яе апрацоўкай, трэція — унясеннем угнаенняў або сяўбой. І ўсе вызначаюцца ў працы.


Фаіна Касаткіна. Фота аўтара