Информационно-пропагандистские группы рассказали жителям района об общей Победе

75 лет Победы

Пра агульную Перамогу расказвалі жыхарам раёна інфармацыйна-прапагандысцкія групы.

Асноўная тэма красавіцкага адзінага дня інфармавання — вынікі Вялікай Айчыннай вайны і ўклад беларускага народа ў агульную Перамогу. Пазаўчора па гэтых пытаннях работнікаў Юнькаўскага сельвыканкама праінфармаваў яго старшыня Вячаслаў Врублеўскі.

Набліжаецца Дзень Перамогі — адно з самых паважаных свят у нашай краіне. Усенародная любоў да яго з’яўляецца заканамернай: ва ўсе часы гістарычная памяць выступае асновай нацыянальнай самасвядомасці. Сем з паловай дзесяцігоддзяў, якія аддзяляюць нас ад 9 мая 1945 года, пераканаўча паказалі, якую неацэнную ролю адыграла пакаленне пераможцаў у лёсе чалавецтва, бо сутнасцю нацысцкай палітыкі на часова акупаваных тэрыторыях быў генацыд.

На тэрыторыі Юнькаўскага сельсавета знаходзіцца 13 месцаў воінскай славы. Сёлета на іх добраўпарадкаванне выдзелена 1 100 рублёў. Фронт работ ля помніка ў аграгарадку ацэньваюць старшыня сельвыканкама Вячаслаў Врублеўскі і кіраўнік спраў Таццяна Врублеўская

— У дасягненне агульнай перамогі велізарны ўклад унёс беларускі народ, — канстатаваў Вячаслаў Врублеўскі. — Звыш 1 300 000 грамадзян нашай рэспублікі змагаліся на фронце. На акупаванай тэрыторыі барацьбу з ворагам вялі 374 000 партызан. Каля 400 000 мясцовых жыхароў з’яўляліся скрытымі партызанскімі рэзервамі. Усенародны рух супраціўлення, які разгарнуўся ў Беларусі, па маштабе і размаху не мае аналагаў у сусветнай гісторыі. За гераізм і адвагу, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле ворага, каля 140 000 беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 91 з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пасля вызвалення Беларусі звыш 180 тысяч партызан уліліся ў шэрагі Чырвонай арміі.

Істотную ролю ў набліжэнні агульнай перамогі над ворагам унеслі беларусы — працаўнікі глыбокага тылу, эвакуіраваныя на ўсход краіны. А гэта звыш ­мільёна чалавек.

За гераічны подзвіг у ваенны час звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 449 нашых суайчыннікаў і ўраджэнцаў Беларусі, яшчэ чатыром гэта званне прысуджалася двойчы, 73 сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Стратэгічную наступальную аперацыю «Баграціён», якая лічыцца вяршыняй палкаводчага мастацтва, распрацаваў генерал арміі Аляксей Антонаў — ураджэнец Гродна. Усяго ў радах Чырвонай арміі і ВМФ ваявала больш за 400 генералаў і адміралаў, якія нарадзіліся ў Беларусі.

— За Перамогу Беларусь заплаціла дарагую цану — насельніцтва нашай краіны скарацілася на тры мільёны. Вялікі подзвіг народа не падлягае забыццю і шануецца нашчадкамі. Пастаянны клопат пра ветэранаў застаецца прыярытэтным кірункам дзяржаўнай палітыкі. Напярэдадні свята яны атрымаюць аднаразовую матэрыяльную дапамогу ад 700 да 1 700 рублёў, — падсумаваў выступоўца.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.