Интервью с директором Поставского молочного завода Константином Гайлевским

Сельское хозяйство

Аб’ядналіся, каб развівацца

25 лютага бягучага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці». У адпаведнасці з ім, аблвыканкаму з мэтай нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і загрузкі вытворчых магутнасцей было дадзена права па ўзгадненні з Саветам Міністраў фарміраваць сыравінныя зоны і аграпрамысловыя аб’яднанні з удзелам арганізацый, якія ажыццяўляюць перапрацоўку і вытворчасць сельгаспрадукцыі.

На Віцебшчыне сфарміравана 7 такіх аб’яднанняў. Адно з іх — у нашым раёне. Пра тое, як яно пачало дзейнічаць і якія мае планы на перспектыву, карэспандэнт раённай газеты гутарыць з дырэктарам Пастаўскага малочнага завода, які з’яўляецца флагманам аб’яднання, Канстанцінам Гайлеўскім.

— Канстанцін Генрыхавіч! Якія прадпрыемствы і арганізацыі ўвайшлі ў склад аб’яднання?

— У раёне яно стала дзейнічаць з 1 красавіка. Былі падпісаны дагаворы паміж малочным заводам, ААТ «Кураполле-агра», «Янавіца-агра», «Сцяг Перамогі-агра», КУСП «Дунілавічы-­агра». У пераліку сельгаспрадпрыемстваў, якія павінны былі ўвайсці ў аб’яднанне, зацверджаным аблвыканкамам, значылася і ААТ «Камайскі-агра». Але ў апошні момант змяніліся крытэрыі. Для ўключэння ў аб’яднанне як мінімум 50% акцый таварыства павінна было належаць дзяржаве, а фактычна такіх мелася толькі 39%. На сходзе акцыянераў я расказаў пра гэтую сітуацыю і пра тыя перавагі, якія мела б гаспадарка, увайшоўшы ў аб’яднанне, а таксама звярнуўся да людзей з непапулярнай просьбай — падарыць дзяржаве свае акцыі. Не ўсе пайшлі насустрач. Але 52 чалавекі натарыяльна аформілі дарэнне акцый. Дзякуючы гэтаму доля акцый, якія сталі належаць дзяржаве, нават перавысіла 50%. Пасля чаго падалі дакументы ў аблвыканкам з просьбай уключэння гаспадаркі ў аб’яднанне і чакаем станоўчага рашэння. Хачу падкрэсліць, што яно не з’яўляецца новай юрыдычнай арганізацыяй. І завод, і сельгаспрадпрыемствы як былі, так і застаюцца юрыдычнымі адзінкамі.

— І што дае такое аб’яднанне?

— Найперш — фінансавыя прэферэнцыі сельгаспрадпрыемствам. Іх даўгавыя абавязацельствы не спісваюцца, але па іх даюцца адтэрміноўкі і растэрміноўкі. Згодна з указам Прэзідэнта, запазычанасць па электраэнергіі, узносах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, падатках, якія мелі сельгаспрадпрыемствы, што ўвайшлі ў аб’яднанне, перададзена малочнаму заводу, праз яго — Віцебскаму мяса-малочнаму канцэрну. Але з канцэрнам трэба разлічвацца. Для гэтага створаны спецыяльны фонд, у які кожнае сельгаспрадпрыемства будзе ўносіць 1% ад выручкі, а перапрацоўчыя прадпрыемствы — 3 %. Гэты фонд прызначаецца не толькі для гашэння запазычанасці, але і на набыццё ўдабрэнняў, тэхнікі, гаруча-змазачных матэрыялаў. Што да запазычанасці, якую сельгаспрадпрыемствы маюць перад малочным заводам, то яна з 1 сакавіка бягучага года замарожана на перыяд, пакуль дзейнічае ўказ, — максімум на 15 гадоў.

Ёсць яшчэ адзін від даўгоў — перад камерцыйнымі структурамі і іншымі арганізацыямі. Каб іх вярнуць, па ўзаемнай згодзе даецца растэрміноўка да 15 гадоў. У тым выпадку, калі яна не дасягаецца, прадугледжаны 1 год адтэрміноўкі і 2 гады — растэрміноўкі. Калі гаспадарка не будзе развівацца, атрымліваць прыбытак і ўносіць свой працэнт у спецфонд, яна выпадзе з-пад дзеяння ўказа. Тады ёй вернуцца ўсе даўгі і як вынік — непазбежнае банкруцтва.

— Падтрымка сельгаспрадпрыемстваў відавочная. Чаго не скажаш пра перапрацоўчыя. Ці вытрымае ў выніку такога аб’яднання фінансавую нагрузку ў тым ліку і наш малочны завод?

— Вытрымае! У рамках заканадаўства прамысловыя прадпрыемствы абавязаны падзяліцца сваім прыбыткам з сельгасарганізацыямі. А аддачу яны атрымаюць у выглядзе сыравіны. На цяперашні час вытворчыя магутнасці Пастаўскага малочнага завода загружаны на 100%. Але 120 тон малака мы закупліваем у гаспадарках Мінскай вобласці. Што будзе, калі па нейкіх прычынах яны перастануць нам яго прадаваць? Каб ні ад кога не залежаць, трэба ў сваім раёне нарошчваць вытворчасць малака, мяса, збожжа.

— Якім чынам магчыма гэтага дабіцца?

— Шляхам будаўніцтва новых і рэканструкцыі старых жывёлагадоўчых ферм, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадарак, укаранення новых тэхналогій, павышэння прадукцыйнасці паляводства і жывёлагадоўлі. Напрыклад, летась у ААТ «Камайскі-агра» рэканструявалі 2 фермы, а сёлета пабудавалі 2 сучасныя прафілакторыі: у Сакунах на 100 галоў і ў Мулярах — на 50. Плануем узвядзенне новых жывёлагадоўчых будынкаў у «Сцяг Перамогі-агра», «Камайскі-агра». Пакуль не вырашана пытанне з будаўніцтвам малочнатаварнай фермы на 2 тысячы галоў. Дакументы на атрыманне крэдыту на гэтую мэту малочным заводам пададзены ў Банк развіцця. Надзеі не страчваем, але калі крэдыту не атрымаем, сканцэнтруемся на будаўніцтве меншых па аб’ёме ферм і рэканструкцыі тых, якія ёсць. Што да ўзмацнення тэхнічнай аснашчанасці, то малочны завод закупіў па тэндары 2 «Кіраўцы», 2 навясныя культыватары і 2 шыроказахопныя бараны, якія неўзабаве павінны паступіць на прадпрыемства і будуць працаваць на палях сельгасарганізацый.

— Адно з праблемных пытанняў у сельскай гаспадарцы — кадравае. Як плануеце яго вырашаць у аб’яднанні?

— Сапраўды, забяспечанасць кадрамі пакідае жадаць лепшага. Праўда, умацавалі інжынерную службу — узялі ў штат малочнага завода двух інжынераў, якія фактычна працуюць у ААТ «Кураполле-агра», «Сцяг Перамогі-агра» і КУСП «Дунілавічы-­агра». Але нам патрэбны ветурачы, заатэхнікі, аграном. Радуе, што вярнулася ў працоўныя калектывы некалькі механізатараў. Для замацавання кадраў плануем сёлета пабудаваць 7 аднакватэрных дамоў у Камаях. Вялікія прэферэнцыі прадугледжаны для маладых. Той, хто заключыць з гаспадаркай мэтавае накіраванне на вучобу ў сельскагаспадарчую вышэйшую або сярэднеспецыяльную навучальную ўстанову, будзе атрымліваць дзве стыпендыі: дзяржаўную і ад сельгаспрадпрыемства. Калі сярэдні бал атэстата не ніжэйшы за 7, паступленне на вучобу на сельгасспецыяльнасці — без экзаменаў. Пасля вяртання ў гаспадарку спецыяліст абавязкова атрымае жыллё і фінансавую падтрымку. Юнакі па хадайніцтве аблвыканкама змогуць прайсці тэрміновую службу ў рэзерве.

— Якая ўзаемападтрымка паміж суб’ектамі аграпрамысловага аб’яднання ажыццяўляецца ў цяперашні напружаны час пасяўной?

— Як вы правільна адзначылі ў пачатку размовы, флагманам з’яўляецца малочны завод. Уся яго сельскагаспадарчая тэхніка — 5 трактароў «К-744», 1— «МТЗ-3022», 2 — «МТЗ-1221» з прычапным інвентаром — занята на ворыве, падрыхтоўцы глебы, сяўбе. Пастаянна вя­дзецца яе манеўраванне. Дзе падыходзіць зямля, з’яўляецца магчымасць шырэй разгар­нуць работы, туды і накіроўваем. Акрамя таго, купілі мінеральныя ўдабрэнні для трох гаспадарак, якія іх не мелі.

Няпроста завяршаецца зімоўка жывёлы. За сродкі завода для ААТ «Сцяг Перамогі-агра» і КУСП «Дунілавічы-агра» закупліваем кармы ў Лагойскім раёне, для «Янавіцы-агра» і часткова «Сцяга Перамогі-агра» — у ААТ «Камайскі-агра». Такім жа чынам набываем і спецыяльны камбікорм для маладняку. Каб такая карціна не паўтарылася будучай зімоўкай, прымем усе меры па ўмацаванні кармавой базы ў гаспадарках. Радуе, што ўсе яны без затрымак выплачваюць людям зарплату, своечасова разлічваюцца па абавязковых плацяжах. Абнадзейвае, што ўказ Прэзідэнта даў нам добрую магчымасць для далейшага развіцця сельгаспрадпрыемстваў. Зробім усё для таго, каб скарыстацца ёй спаўна.

Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота Тамары Пашкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.