Из простого необычное. В Лынтупах создают красивые изделия из подручных средств

Общество

Дзе ў Лынтупах знаходзіцца цэнтр мясцовай творчасці? 

Калі гэта пытанне задаць гарпасялкоўцам, то многія, упэўненая, назавуць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Пастаўскага ТЦСАН. Яго работнікі і наведвальнікі з падручных матэрыялаў умеюць стварыць такую прыгажосць — вачэй не адвесці.

Каб пераканацца ў гэтым, варта паглядзець на велікодныя вырабы, якія тут стварылі незадоўга да галоўнага хрысціянскага свята. Колькі ж часу, цярпення і сіл трэба для ўвасаблення ў жыццё такіх крэатыўных ідэй? Гэта пытанне карэспандэнт «ПК» адрасавала загадчыцы лынтупскага філіяла ТЦСАН Алене Валасевіч.

— Самае галоўнае ў нашым калектыве — згуртаванасць, — гаварыла Алена Аляксандраўна. — У кожнага свае здольнасці, таленты, свой творчы агеньчык у душы. А калі мы аб’ядноўваемся — цэлае полымя атрымліваецца (смяецца — аўт.). Так было і напярэдадні Вялікадня. Да Вербнай нядзелі сумеснымі намаганнямі зрабілі больш за сотню букетаў, асвяцілі іх у касцёле. Такім чынам нашым наведвальнікам (і не толькі) у час няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі можна было не ісці ў храм, а звярнуцца да нас. Што да велікодных кампазіцый, над імі шчыравалі работнік аддзялення Наталля Мільціна і кіраўнік гуртка «Крэатыўная працатэрапія» Тэрэза Мальч. Часу, дарэчы, яны патрацілі не так і шмат — літаральна па 3-4 гадзіны на кожны выраб.

Наталля Мільціна і Алена Валасевіч дэманструюць велікодныя вырабы

У кабінеце Алены Валасевіч бачу шмат кошыкаў, у такіх вернікі звычайна асвячаюць велікодныя стравы. Як аказалася, іх з папяровай лазы спляла лынтупчанка Валянціна Сасноўская. Накіроўваюся да яе ў госці, каб распытаць пра захапленне.

— Яно са мною ўжо пяць гадоў — роўна столькі, колькі ў пасёлку дзейнічае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, — расказвала пры сустрэчы 68-гадовая Валянціна Мікалаеўна. — Што такое папяровая лаза і якія цуды з яе можна зрабіць, мне і іншым наведвальнікам аддзялення расказала настаўніца мясцовай школы Наталля Раманоўская, якая раней кіравала адным са шматлікіх гурткоў па інтарэсах. Мяне так зацягнула гэта справа, што і сёння з ёй не расстаюся.

Актыўная наведвальніца аддзялення Валянціна Сасноўская са сваімі работамі

Каб ператварыць звычайную газету ў незвычайны выраб, патрэбны не толькі навыкі, але і вялікае цярпенне і шмат часу. Найперш — для нарыхтоўкі «будаўнічага» матэрыялу — тонкіх папяровых трубачак.

— Яны расходзяцца сотнямі, — працягвала размову Валянціна Сасноўская. — На адзін толькі кошык патрэбна ажно 300-400 штук. Але ж я таксама раблю і розныя падстаўкі, арганайзеры для канцылярскіх тавараў, падносы… Варыянтаў работ бясконцае мноства — было б натхненне і жаданне! Іх мне дораць работнікі дзённага аддзялення. Па жыцці мы даўно сталі сябрамі: я ўдзельнічаю ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзіць лынтупскі філіял ТЦСАН, і атрымліваю ад гэтага шмат станоўчых эмоцый.

З-за каранавіруса творчае жыццё ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН не спынілася.

— Цяпер мы рыхтуем сольны канцэрт лынтупчанкі Вольгі Мажуты, — расказвала напрыканцы размовы Алена Валасевіч. — Па магчымасці яна прыходзіць у аддзяленне, і мы займаемся з ёй удзвюх. Па адным прыхо­дзяць­ і іншыя наведвальнікі. Многія тэлефануюць, не толькі каб параіцца наконт творчасці, але і каб падзяліцца сваімі радасцямі, перажываннямі. Часта чую ад пажылых: «Я сумую, не магу дачакацца новых сустрэч». І гэта найвышэйшая ацэнка нашай работы.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.