«Каждая пневмония лечится с тем расчетом, будто она осложнена коронавирусом». Новые условия работы Поставской ЦРБ

Здравоохранение

Падыходы відазмяняюцца штодня

Пандэмія каранавіруса ўнесла карэктывы ў наладжаны механізм работы медыкаў усяго свету. Вымушана была перастроіцца пад новыя ўмовы і Пастаўская ЦРБ з яе структурнымі падраздзяленнямі.

Да новай, амаль касмічнай, экіпіроўкі медыкаў людзі ўжо паспелі прывыкнуць. У такой жа сустракаюць пацыентаў і ў прыёмным аддзяленні стацыянара, каб засцерагчыся ад небяспекі. Паклапацілася адміністрацыя ўстановы аховы здароўя і пра тых, каму неабходна абследавацца ў кабінетах ЭКГ і УГД: цяпер трапіць у іх можна праз асобны ўваход. Рэарганізавана і аказанне медыцынскай дапамогі ў стацыянары №2, размешчаным у палацы Тызенгаўзаў. Зараз тут лечацца хворыя неўралагічнага і тэрапеўтычнага профіляў. А вось былое тэрапеўтычнае аддзяленне перапрафілявана ў пульманалагічнае. Сюды шпіталізуюцца пацыенты з дыягназам «пнеўманія» і  высокай тэмпературай.

Аўтаномныя ЭКГ-апараты здольныя расшыфроўваць і перадаваць на камп’ютар звесткі пра вынікі даследавання, а пры наступным меранні — параўноўваць паказчыкі з папярэднімі і аналізаваць інфармацыю. Два такія апараты ЦРБ падарыў пастаянны спонсар — завод «Проміс»

— Кожная пнеўманія лечыцца з тым разлікам, нібы яна ўскладненая каранавірусам, — расказваў галоўны ўрач ЦРБ Ула­дзімір Чакавы. — А гэта зусім іншая схема: цалкам памяняўся табель аснашчанасці і фармулярны спіс лекавых сродкаў. Вопыт напрацоўваецца з кожным днём, відазмяняюцца падыходы да лячэння такіх хворых. Гэтаму спрыяюць і штодзённыя відэаканферэнцыі, якія право­дзяцца згодна з метадычнымі ўказаннямі. Вучымся анлайн на майстар-класах, заснаваных на клінічных карцінах Мінска і Віцебска. Па відэасувязі прымаем рашэнні і па назначэннях канкрэтнаму чалавеку: урачоў па гісторыі хваробы пацыента кансультуюць прафесары.

Напаткалі відазмяненні і інфекцыйнае аддзяленне, дзе звялі да нуля магчымыя кантакты хворых. Аднак аддзяленне з’яўляецца маламагутным — разлічана на невялікую колькасць койка-месцаў. Таму перапрафілявалі наркалагічнае аддзяленне ў дадатковае інфекцыйнае. З аналагічнай мэтай — павялі­чыць колькасць койка-месцаў — у былое гінекалагічнае аддзяленне пераехала радзільнае. Такім чынам магутнасць рэанімацыі павялічылася ў два разы. Зразумела, былі праведзены неабходныя дапрацоўкі памяшкання.

Змянілася і сістэма работы надомнага стацыянара. Зараз загадчыца аддзялення, а таксама 4 спецыяльныя брыгады па кантролі і назіранні для аказання меддапамогі выязджаюць па месцы жыхарства пацыента. Многіх цікавіць, як паводзіць сябе ва ўмовах прыпыненай шпіталізацыі. Адказ наступны: урачы раяць звяртацца ў кабінеты паліклінікі, якія з’яўляюцца адносна «чыстай» зонай, альбо тэлефанаваць па нумары 4-11-57 і абяцаюць вырашыць любую сітуацыю.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.