Коллектив театра рук «Экспромт» создан в 2016 году

Культура

Незвычайны «Экспромт»

Артыстаў гэтага тэатра рук раённага Дома культуры гледачы не ведаюць у твар, таму што выступаюць яны ў абсалютнай цемры. Але сустракаюць і праводзяць са сцэны заўсёды гучнымі апладысментамі.

— Калектыў створаны ў 2016 го­дзе, калі на работу да нас прыйшла малады рэжысёр, выпускніца Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Анастасія Зубанава, — расказвала дырэктар РДК Ала Чарнюк. — Насця прапанавала арганізаваць тэатр рук. Я і іншыя спецыялісты падтрымалі яе ідэю. Па-першае, гэта цікава і незвычайна: такія тэатры — вялікая рэдкасць у рэспубліцы. А па-другое, ажыццявіць задуманае нескладана: неабходны толькі святлоадбівальная тканіна і ультрафіялетавыя лямпы на сцэне.

Жадаючых трапіць у новы калектыў было нямала. І спачатку ў яго бралі ўсіх. Першае выступленне «Экспромта» адбылося ў кастрычніку, на Дзень маці, і прайшло з вялікім поспехам. Як, дарэчы, і наступныя. Але неўзабаве існаванне тэатра рук аказалася пад пагрозай: Насця выйшла замуж і пакінула Паставы. Тады на яе месца ўзялі яшчэ адну выпускніцу названага каледжа — Даяну Дашкевіч, якая адразу была размеркавана ў Юнькаўскі сельскі Дом культуры.

— Калі мне перадалі «Экспромт», я разгубілася: не ведала, як вучыць дзяцей таму, чаго сама не ведаю і не ўмею, — прызнаецца Даяна. — У такой сітуацыі вельмі дапамаглі старэйшыя калегі. Яны ўвялі ў курс справы, параілі, з чаго пачаць, на што звяртаць увагу. Напрыклад, пры «напісанні» слоў неабходна, каб усе літары былі як пад лінеечку, вытрымліваліся інтэрвалы паміж імі.

— Кожнае наша мерапрыемства абмяркоўваецца з усімі спецыялістамі Дома культуры, — зноў уключаецца ў размову Ала Чарнюк. — Мы прадумваем, які калектыў з якім нумарам будзе выступаць. Гэта датычыць і тэатра рук. Вырашаем, што ён будзе паказваць на сцэне, а далей — справа тэхнікі, якую Даяна і «экспромтаўцы» ўжо добра асвоілі.

Зараз у тэатры рук займаюцца 15 падлеткаў ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў. Пяцёра з іх наведваюць калектыў з моманту яго з’яўлення. Гэта Мілана Адамовіч з СШ №1, Кацярына Жук і Аляксандра Жыльцова з СШ №3, Вікторыя Самковіч і Арына Мірашнічэнка з чацвёртай гарадской школы. Дзве дзяўчынкі — Меліке Кулёнак і Алёна Раўданік — прыязджаюць на рэпетыцыі са Старога Двара і Юнек. У дзявочым кветніку ёсць і адзін хлопец — навучэнец каледжа Ілья Гайлюн. Каб на сцэне ўсё выглядала гарманічна, удзельнікаў «Экспромта» падбіраюць па росце, целаскладзе і даўжыні рук, якая павінна быць прыблізна аднолькавай. Не апошнюю ролю адыгрываюць кемлі­васць і хуткасць рэакцыі. Складаючы нейкае слова або фігуру, неабходна своечасова правільна паставіць руку, а затым хутка схаваць за спінай, каб не свяцілася ў цемры.

Сёння «Экспромт» — сапраўднае ўпрыгажэнне раённых мерапрыемстваў. Акрамя яго, у падобным жанры працуе яшчэ ­адзін калектыў РДК — тэатральная студыя «Дзіцячы квартал», якой таксама кіруе Даяна Дашкевіч. Тут займаюцца школьнікі з 4 па 7 клас. Падрастаючы, некаторыя з іх пераходзяць у «Экспромт». Што да Даяны, то яна з’яўляецца студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, завочна набывае спецыяльнасць «Сацыяльна-культурная дзейнасць». Два разы на год ездзіць у Мінск на сесіі. І тады яе калектывы бяруць пад сваё крыло мастацкі кіраўнік РДК Алена Сля­дзеўская і загадчыца дзіцячага аддзела Таццяна Кухальская.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.