Ликвидатор последствий аварии на Чернобыльской АЭС, уроженец Поставщины Лев Голяк отметит 70-летний юбилей

Общество

Насуперак выпрабаванням

У верасні ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ураджэнец Пастаўшчыны Леў Голяк адзначыць 70-гадовы юбілей. А некалі і думаць не думаў, што дажыве да такога ўзросту. Пасля шасці месяцаў, праведзеных у 1986 годзе ў чарнобыльскай зоне, у яго з’явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, пазбавіцца якіх, здавалася, ужо не ўдасца.

Жыццё Льва Іосіфавіча не песціла. Рана памёр бацька, а пасля і маці. Сіратой ён застаўся, будучы вучнем 3 класа. Працягваць вучобу быў вымушаны ў варапаеўскай школе-інтэрнаце. Пасля ў Полацку атрымаў прафесію электрыка, шчыраваў у Віцебску, пазней пераехаў у Мінск. Працуючы на маторным заводзе ліцейшчыкам, стварыў там тэатр — цяга да творчасці ў Льва Іосіфавіча была з дзяцінства. Гумарыстычныя спектаклі праходзілі на ўра, у захапленні былі і дарослыя, і дзеці.

У 1986—1992-м гадах у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ўдзельнічалі больш за 526 тысяч чалавек з усяго Савецкага Саюза. Многія з іх пазней былі ўзнагароджаны медалямі і знакамі пашаны. Прыходзілі ліквідатарам і шматлікія падзякі. Адну з такіх Леў Голяк і сёння захоўвае ў сваім архіве.

Але ў адзін з красавіцкіх дзён 1986-га прыйшла павестка з ваенкамата. І стала зусім не да смеху…

— Чарнобыль падзяліў жыццё на «да» і «пасля», — успамінаў Леў Іосіфавіч. — Па сутнасці, гэта была вайна. Толькі вораг — нябачны. На той час мне, лейтэнанту запасу, даверылі камандаваць ротай спецапрацоўкі. У падначаленні было 30 чалавек — не хлопчыкаў, а ўжо сталых мужчын, у якіх дома засталося па двое-трое і нават чацвёра дзяцей. Кожнага называў па імені і імені па бацьку. У радыеактыўнай зоне мы зносілі дамы, здымалі грунт. Быў я і на самой станцыі — тройчы ў цяжкім свінцовым фартуху падымаўся на дах разбуранага энергаблока. Маханеш унутр лапатай радыеактыўную дрэнь — і хутчэй уніз па лесвіцы бяжыш. Не больш за 3 хвіліны дазвалялася там быць. Дозу радыяцыі атрымаў вялізную. У сталіцу вярнуўся іншым чалавекам. Я, малады мужчына, падняцца па прыступках на сёмы паверх не мог — настолькі арганізм быў знясілены. І ўрачы нічым дапамагчы не маглі. Але я моцна хацеў жыць, што, напэўна, мяне і выратавала.

На гэтым жыццёвыя выпрабаванні не скончыліся: у Льва Голяка нарадзілася дачка з ДЦП (прычынай стала родавая траўма). Дактары рабілі стаўку, што дзяўчынка не пражыве і тыдня. А памерла яна ў 24 гады на руках у бацькі. Жонкі ў той трагічны момант у Льва Іосіфавіча ўжо не было — памерла ад цяжкай хваробы. Цэлых 10 гадоў ён даглядаў хворую дачку адзін (тая не магла самастойна ні есці, ні хадзіць, ні гаварыць).

— У той складаны час я працаваў у школе, выкладаў прадмет «Сусветная мастацкая культура», — расказваў Леў Голяк, які на той час ужо скончыў у Мінску Інстытут культуры. — Калі застаўся адзін, усё пачало раздражняць. Пустэча. Тупік. Зразумеў: трэба з горада ўцякаць. Прыняў рашэнне вярнуцца на Пастаўшчыну. Калі ўбачыў бацькоўскі дом у Рыльках, як хлапчук расплакаўся: дах дзіравы, вокнаў няма. Паступова стаў прыводзіць усё ў парадак. І цяпер там жыву адзін са сваім сабакам. Сын у Мінску. У горад мяне зусім не цягне. Я вельмі шмат гуляю на ўлонні прыроды, многа езджу на веласіпе­дзе — абкалясіў і Пастаўшчыну, і суседнія раёны. Гэта адцягвае ад сумных думак. Так, жыццё падкінула мне выпрабаванняў па поўнай праграме, але ж яно працягваецца…

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.