Любімая справа – крыніца энергіі
У канцы лютага ў Магілёве прайшоў VII Міжнародны конкурс мастацтваў «Дняпроўскія хвалі». Ён сабраў на адной пляцоўцы 171 вакаліста з Беларусі і Расіі. Ураджэнка Варапаева Марыя Сеганкевіч была адзінай ўдзельніцай з Віцебскай вобласці. Яна даўно марыла трапіць на гэты конкурс. Нарэшце мара збылася. Марыя стала пераможцай у намінацыі «Джазавы вакал». Узнагароджана дыпломам і кубкам, а яе музычны кіраўнік Ірына Козел — дыпломам за прафесійнае майстэрства і высокі ўзровень падрыхтоўкі выканаўцы.
Вытокі сённяшніх дасягненняў Марыі — у родным Варапаеве. Дзяўчынка наведвала дзіцячую музычную школу. Яе захапленне падтрымлівалі родныя, а гэта немалаважна. Дзякуючы ім расла ўпэўненасць у сваіх сілах. За гэта Маша вельмі ўдзячная дарагім людзям.
Першы сур’ёзны поспех прыйшоў да дзяўчыны падчас яе вучобы ў Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы. Удзел у міжнародным фестывалі-конкурсе «Славянскі карагод», які праходзіў у Смаленску, прынёс двайную перамогу: ансамбль, з якім выступала, атрымаў Гран-пры, а Марыя за сольнае выкананне заваявала 1-е месца.
Скончыўшы з чырвоным дыпломам каледж, паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Зараз вучыцца на трэцім курсе і працуе ў прыватнай музычнай школе «Фортэ», дзе выкладае эстрадны вакал.
— Раней думала, што быць выкладчыкам — гэта не для мяне. Але з часам зразумела, што памылялася: дзяліцца ведамі з вучнямі, каб потым убачыць плён сваёй працы, — здорава. Наогул, любімая справа — крыніца энергіі.
Марыя ўвесь час самаўдасканальваецца. Кожная перамога для яе — усплёск адрэналіну, стымул далей расці і развівацца. Кірунак, у якім працуе, — джаз-блюз. Такая музыка ў найбольшай ступені выражае яе аўтарскую індывідуальнасць. Выдатна грае на фартэпіяна. Асалоду прыносяць музычныя кампазіцыі ў выкананні духавога аркестра.
Зараз Марыя Сеганкевіч жыве ў Мінску. А бываючы дома, з задавальненнем наведвае родны Дом культуры, сустракаецца са сваім былым настаўнікам і натхняльнікам Юліяй Галяш, дырэктарам Варапаеўскага ГПДК. Спыняцца на дасягутым не збіраецца.
Пажадаем Марыі поспехаў і далейшых перамог!
Святлана Шафаровіч
Фота з архіва Марыі Сеганкевіч