У гонар вызваліцеляў, на радасць нашчадкам
У мінулую пятніцу ў мікрараёне вуліц Багдановіча—Міру ў райцэнтры кіпела работа, не змаўкалі галасы і жарты ўдзельнікаў акцыі, якія закладвалі тут Алею памяці ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пройдзе час, і гэтак жа гаманліва ад подыху ветру будзе шапацець лістота на пасаджаных імі дрэўцах.
Мэта акцыі — аддаць даніну павагі воінам-вызваліцелям, упэўніць, што нашчадкі памятаюць і цэняць іх гераічнае мінулае. У пацвярджэнне гэтаму дружна шчыравалі прадстаўнікі раённых арганізацый ГА «БРСМ» і РГА «Белая Русь», старшыні сельскіх Саветаў, пагранічнікі, дэпутаты. Асабліва масава былі прадстаўлены Пастаўскі дзяржаўны каледж і камісія па справах непаўналетніх разам з тымі, хто знаходзіцца на яе ўліку.
— Першыя саджанцы з’явіліся тут летась падчас рэспубліканскага суботніка. Сёння плануем высадзіць 150ліп і клёнаў, завяршым пасадку алеі, як і распачалі, на суботніку, — расказваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. — Дрэўцы падрыхтаваў лясгас, а работнікі ДРБУ-132 вырашылі ўсе арганізацыйныя пытанні: загадзя выкапалі ямкі, даставілі саджанцы і ваду. Так што нам застаецца максімальна хутка залажыць алею. Надвор’е спрыяе, настрой цудоўны.
І сапраўды, работа спорылася: дрэўцы хуценька «прызямлялі», палівалі, прывязвалі да драўляных калкоў.
— З задавальненнем удзельнічаю ў закладцы алеі, — дзяліўся эмоцыямі навучэнец каледжа Данііл Хаткевіч. — У Вялікую Айчынную ваяваў мой прадзядуля па мамінай лініі. Трапіў у палон у Польшчы. У сям’і нярэдка ўспамінаем, як з яго там здзекаваліся, кармілі апілкамі. Пасля вызлення браў Берлін. Вярнуўся дадому. Але ў хуткім часе пашкодзіў вока, здароўе яго падкасілася, і праз 5 гадоў ён памёр. Цяпер кожны раз, едучы да бабулі ў вёску Рубеж, буду любавацца высаджанымі ўздоўж дарогі дрэвамі, ганарыцца, што маю да гэтага дачыненне.
Напэўна, тое самае будуць адчуваць і іншыя ўдзельнікі акцыі.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Видео Натальи Налей