На Поставщине сгорело 3 автомобиля. Как предотвратить пожар?

Безопасность Важное

Палаюць не толькі будынкі

Як паказвае практыка, сучасны аўтамабіль можа згарэць дашчэнту ўсяго за 5-6 хвілін. Нярэдка гэта адбываецца прама на вачах ва ўладальніка. Часцей за ўсё пажар пачынаецца ў адсеку рухавіка, радзей — у салоне, у адзінкавых выпадках — у элементах хадавой часткі ад трэння, напрыклад, калі падчас руху закліньвае нейкі падшыпнік або кола. У асноўным загаранні ўзнікаюць з-за парушэння простых правіл пажарнай бяспекі і такіх прычын, як замыканне ў электраправодцы, няспраўнасць дэталяў аўтамабіля, уцечка ў сістэме падачы паліва, нядбайнасць пры перавозцы лёгкіх на загаранне грузаў, праліванне і ўзгаранне паліва і інш. Верагоднасць пажару павялічваецца з-за знаходжання ў багажніку газавага балона, спецадзення або анучы, прапітаных лёгкаўзгаральным рэчывам. Часам аўтамабілі загараюцца з-за няправільнай устаноўкі магнітолы альбо сігналізацыі.

Сёлета на Пастаўшчыне адбыліся ўжо тры пажары аўтамабіляў. 4 сакавіка па вуліцы Касманаўтаў у райцэнтры загарэўся «Кіа Рыа» 2018 года выпуску. Хоць ратаўнікі прыбылі хутка, агонь сур’ёзна пашкодзіў маторны адсек і салон. Прычына пажару ўстанаўліваецца, разглядаецца версія кароткага замыкання электраправодкі. 13 красавіка часткова згарэла «Аўдзі-80» 1993 г.в., прыпаркаваная па вуліцы Станкевіча. А праз тры дні такі ж лёс напаткаў «Фіят Уліс» 1999 г.в. па вуліцы Заводскай у Паставах. Як і ў першым выпадку, дакладныя прычыны гэтых пажараў пакуль невядомыя.

Аляксей Кісель, начальнік РАНС
Фота даслана РАНС


Як дзейнічаць пры загаранні аўто

  1. Збярыце дакументы, пакіньце аўтамабіль і высадзіце пасажыраў. Лю­дзі павінны знаходзіцца на адлегласці не менш за 10 метраў ад машыны.
  2. Паведаміце пра пажар па тэлефоне 101 або 112.
  3. Калі ўзгаранне невялікае, прыступіце да тушэння пажару падручнымі сродкамі да прыбыцця ратаўнікоў. Пастарайцеся збіць полымя з дапамогай вогнетушыцеля або тоўстай тканіны, зямлі, пяску, снегу. Паднімаючы капот, асцерагайцеся выкіду полымя з-за свабоднага прытоку кіслароду. Вазьміце анучу, каб абараніць рукі ад апёкаў пры адкрыванні замка капота. Адхіліце галаву ўбок і накіруйце на ачаг гарэння сродак для тушэння агню. Не прыступайце да тушэння пажару, калі вы ў прамасленым адзенні альбо вашы рукі змочаныя бензінам — гэта вельмі небяспечна.
  4. Пры разліцці бензіну неабходна змыць яго вадой, засыпаць прыдарожным пяском (зямлёй), каб папярэдзіць узгаранне.
  5. Калі патушыць пажар не атрымліваецца, адыдзіце на бяспечную адлегласць, паколькі можа адбыцца выбух паліўнага бака (газавага балона).
  6. Калі аўтамабіль гарыць на стаянцы (у гаражы) і ёсць пагроза распаўсюджання пажару, пастарайцеся адкаціць далей аб’ект узгарання або аўтамабілі, якія знаходзяцца побач. Прыцягвайце да тушэння падручнымі сродкамі прахожых і жыхароў размешчаных паблізу дамоў.
  7. Праязджаючы міма машыны, якая гарыць, абавязкова спыніцеся на бяспечнай адлегласці і акажыце пасільную дапамогу.

Часта ўласнікі аўтамабіляў не купляюць вогнетушыцель, а пазычаюць яго ў сяброў або калег для праходжання тэхагляду. Калі ж і маюць свой, далёка не ўсе ўмеюць ім правільна карыстацца. Работнікі МНС нагадваюць аўтааматарам: праверце спраўнасць і тэрмін прыгоднасці вашага вогнетушыцеля, прачытайце інструкцыю па прымяненні і навучыцеся ім карыстацца. Гэтыя мінімальныя навыкі могуць засцерагчы вас ад вялікіх матэрыяльных страт.


 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.