Памятники Лынтупщины. На Поставщине завершилась международная акция памяти «Во славу общей Победы»

75 лет Победы

Нагадалі цану міру

Міжнародная акцыя памяці «На славу агульнай Перамогі» стартавала ў Беларусі яшчэ ў ліпені мінулага года. За 9 месяцаў, якія доўжыўся яе першы этап, былі арганізаваны выезды на пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны ў райцэнтры і ў кожным сельсавеце Пастаўскага раёна.

Апошні з іх адбыўся сёлета 8 красавіка — у цэнтры ўвагі былі помнікі на Лынтупшчыне. Іх наведалі старшыня Лынтупскага сельскага Савета Аляксандр Макаранка, краязнаўца і дырэктар СШ №2 Аляксандр Кузняцоў, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Валянціна Друсь і начальнік групы тэрытарыяльнай абароны райваенкамата Андрэй Малевіч.

Забор зямлі робяць Аляксандр Макаранка і Андрэй Малевіч

Забор зямлі ў той дзень пачаўся ля абеліска ў цэнтры Лынтуп. Тут у брацкай магіле пахаваны 117 воінаў Чырвонай арміі і ­ўдзельнікаў супраціўлення, якія загінулі пры вызваленні гарпасёлка. Сярод пахаваных — два Героі Савецкага Саюза: Аляксей Галубкоў і Мікалай Красільнікаў. Супрацоўнік музея Валянціна Друсь не толькі нагадала прысутным пра іх подзвігі, але і зачытала кранальную цытату з пісьма М. Красільнікава, якую ён за пяць дзён да гібелі адправіў на радзіму сваёй сястры.


Лынтупы былі вызвалены 6 ліпеня 1944 года воінамі 357-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра А. Кудраўцава і 10-й асобнай гвардзейскай танкавай брыгадай на чале з палкоўнікам М. Волкавым. Бой з фашыстамі быў кароткі, але бязлітасны і завяршыўся к 7 гадзінам вечара.

 Аляксандр Кузняцоў


«Дарагая сястрыца! Я ўжо пяць разоў быў цяжка паранены фрыцамі, але пасля невялікага «рамонту» зноў стаў у строй. Апошні раз паранены ў шыю. Але абавязкова папраўлюся і зноў пайду дабіваць ворага, каб хутчэй вярнуцца дадому», — напісаў будучы Герой Савецкага Саюза, які памёр 8 ліпеня 1944 года ў ваенным шпіталі.

— На шыльдзе, прымацаванай да помніка, мы можам прачытаць імёны пахаваных тут афіцэраў і радавых салдат, сяржантаў і партызан — усіх, хто аддаў сваё жыццё дзеля будучай Перамогі, — адзначыў Аляксандр Кузняцоў. — Апошнія некалькі гадоў я лічыў сваім абавязкам устанавіць асобы  загінулых у баях за Лынтупшчыну воінаў, якія па радзе прычын заставаліся невядомымі. Далучыў да гэтага занятку вучняў. З гонарам магу сказаць, што на сёння дакладна вядомы поўны спіс абаронцаў Айчыны, пахаваных у гэтай брацкай магіле. А літаральна месяц назад праз архівы мне ўдалося ўстанавіць новыя імёны ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі тут у баях. Гэта воіны 357-й стралковай дывізіі радавыя Мікіта Рагіза, Павел Шыфман, Аляксей Малахаў, Ахняф Ахфяраў, Усман Ахмедаў і яфрэйтар Міхаіл Заеў. Усе яны былі пахаваны на тэрыторыі Пастаўшчыны як невядомыя салдаты.

Вядуцца работы па добраўпарадкаванні помніка ў цэнтры г.п. Лынтупы

З цэнтра гарадскога пасёлка ўдзельнікі акцыі накіраваліся на яго ўскраіну. У лесе на невялікай адлегласці адзін ад аднаго знаходзяцца яшчэ два помнікі ахвярам тых жудасных падзей. На першым з іх чытаю: «Тут у кастрычніку 1943 года фашысты расстралялі 22 чалавек з партызанскіх сем’яў, у ліку якіх Асяненка І., Асяненка А. і Асяненка М. (3 гады)».

— Агата Асяненка разам з сынам і маці была забіта за тое, што яе муж, Мікалай Канстанцінавіч, з’яўляўся адным з кіраўнікоў партызанскага руху на Пастаўшчыне, — патлумачыла Валянціна Друсь.

Надпіс на другім абеліску інфармуе: «22 лютага 1942 года тут пахаваны 93 савецкія грамадзяніны, па-зверску замучаныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Усе яны яўрэйскай нацыянальнасці.

Пахаванні па вуліцах Новабудоўля і Галубкова напамінаюць пра жудасныя падзеі 1942 года.

— 19 мая партызаны арганізавалі ў лесе засаду і забілі камандуючага нямецкай групы войскаў Свянцянскага павета гебітс-камісара Бэка і шэфа жандармерыі Вілейскай акругі Крыля, — расказвала супрацоўніца раённага краязнаўчага музея. — У той жа дзень пачаліся арышты мясцовых жыхароў. Забіралі толькі мужчын — і з мястэчка, і з навакольных вёсак, хутароў. Іншых без тлумачэнняў выклікалі ў паліцэйскі ўчастак. Людзі былі ўпэўненыя, што ў іх хочуць праверыць дакументы на права карыстання зямлёй. Ніхто не здагадваўся, што ішоў на смерць. Усіх звезлі ў Лынтупы і расстралялі на беразе ракі. Такім чынам акупанты хацелі паднесці мясцовым жыхарам «урок», маўляў, глядзіце, што стане з вамі ўсімі, калі бу­дзеце пакрываць партызанаў альбо выказваць незадаволенасць новым рэжымам.

Помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны на ўскраіне гарпасёлка

Усяго за знішчаных партызанамі Бэка і Крыля ў Лынтупах і на Свянцяншчыне было расстраляна каля 200 чалавек.

Трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай удзельнікі акцыі ўспаміналі і каля абеліскаў у вёсках Апідамы і Палессе — яны сталі канчатковымі прыпынкамі на маршруце.


На добраўпарадкаванне пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны на Лынтупшчыне з раённага бюджэту сёлета выдзелена 3 300 рублёў. Яны зрасходуюцца на пафарбоўку абеліскаў, замену агароджы і іншыя будаўнічыя мэты.


Першы, самы працяглы, этап акцыі «На славу агульнай Перамогі» завершаны. Падвесці яе вынікі папрасілі дырэктара Пастаўскага краязнаўчага музея Таццяну Гарошку.

— Акцыя аб’яднала вялікую колькасць людзей, зацікаўленых у тым, каб захаваць памяць пра герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыла Таццяна Гвідонаўна. — Да яе правядзення далучыліся прадстаўнікі раённай улады, старшыні сельскіх Саветаў, краязнаўцы, ваеннаслужачыя, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і многія іншыя. Па кожным пахаванні, якія наведалі ўдзельнікі акцыі, супрацоўнікі музея падрыхтавалі інфармацыйныя лісты, дадалі да іх фатаграфіі. На іх аснове ў Мінску плануецца выданне вялікай кнігі памяці. Рэалізацыя гэтай задумы — яшчэ адзін спосаб ушанаваць памяць пра людзей, якія былі знішчаны фашыстамі і якія заплацілі самую дарагую цану за цяперашні мір — свае жыцці.

Уся сабраная з пахаванняў зямля будзе змешчана ў адну вялікую капсулу і ўрачыста перададзена ў Віцебск. Ужо адтуль яе даставяць у Мінск. Супольная малітва за ахвяр Вялікай Айчыннай вайны запланавана 9 мая ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.