Партизан Владимир Червонец: «Было убито 36 гитлеровцев и полицаев. Среди партизан также были потери».

75 лет Победы

Партызаніў на роднай зямлі

Уладзімір Іосіфавіч Чырванец нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Мястэчка. У ліпені 1943-га пайшоў у партызанскі атрад імя Суворава брыгады імя Варашылава, які да блакады размяшчаўся каля вёскі Азаркі Мядзельскага раёна. Першай сур’ёзнай справай маладога партызана была засада каля перакрыжавання дарог Паставы—Мядзел і Кабыльнік—Лучай. На заданне пайшлі начальнік штаба Мікалай Цішанка, камісар Кніга, камандзір узвода Іван Грынцэвіч і ён. Немцы колькасна перавышалі партызан, таму апошнія ў бой не ўступілі.

А вось у другі раз сустрэча з нямецкім абозам, які вёз прадукты ў Мядзел, скончылася бітвай на тым жа скрыжаванні. Удзел у ёй прынялі партызаны атрада імя Суворава і часткова атрада «Слава». Уладзімір Чырванец успамінаў: «Было забіта 36 гітлераўцаў і паліцаяў. Сярод партызан таксама былі страты: загінуў адзін, другі з-за цяжкага ранення хутка памёр. Параніла таксама начальніка штаба Мікалая Цішанку».

Уладзімір Іосіфавіч удзельнічаў і ў штурме Камайскага гарнізона. Успамінаў: «Камандаванне немцаў знаходзілася ў адным з будынкаў вёскі Камаі. Партызаны забілі двух вартавых і толькі падрыхтаваліся мініраваць яго, як у доме пачулі рускую гаворку. Камандзір атрада палічыў, што туды праніклі партызаны, і аддаў загад не ўзры­ваць, а падпаліць будынак. Толькі пасля высветлілася, што там былі паліцаі-ўкраінцы. Пажарам партызаны асвятлілі сябе, таму заваёўнікі вялі па іх прыцэльны агонь. Загінула больш за 30 партызан. Гэта было няўдалае наступленне».

Незадоўга да аперацыі «Баграціён» партызаны атрада імя Суворава акружылі нямецкі гарнізон у Мядзеле. Немцы праз пасыльных перадавалі пісьмы. У іх паведамлялі, што баяцца здавацца ў палон партызанам, бо тыя іх расстраля­юць. Праўда, на чацвёрты дзень здаліся без бою, толькі два іх камандзіры застрэліліся. Партызаны атрада рабілі вылазкі на чыгунку ў раёне вёскі Валкі, узрывалі рэйкі, выводзілі са строю нямецкія камунікацыі.

Раней я паведамляла, як у час блакады ў кастрычніку 1943 года за вёскай Мястэчка прынялі апошні бой сем партызан, якія цяпер пахаваны ў брацкай магіле ў Манькавічах. Адзін з тых, хто пра гэта расказваў, і быў Уладзімір Чырванец. У ліку сямі загінулых быў яго брат Анатоль. А ў Паставах пасля бою былі расстраляны дзве сям’і партызан, у тым ліку яго бацькі Іосіф Якаўлевіч і Марыя Сямёнаўна. Пасля вызвалення нашай тэрыторыі Уладзімір Чырванец помсціў ворагу за смерць родных у радах Чырвонай арміі.

У вайну Мястэчка спалілі. Таму пасля вяртання на ра­дзіму Уладзімір Іосіфавіч жыў у радні ў Парасках, працаваў на млыне ў Пятроўшчыне. З часам адбудаваў хату ў Мястэчку, у якой і жыў з сям’ёй. Працаваў у калгасе «Запаветы Ільіча», будаўнічай арганізацыі. Пайшоў з жыцця ў 1989 годзе.

Выказваю шчырую ўдзячнасць за дапамогу жыхарцы вёскі Мястэчка Феафаніі Ізыдораўне Собаль.

Рэгіна Ластоўская, кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.