Больш інтэнсіўна вядуцца сёлета веснавыя палявыя работы ў ААТ «Янавіца-агра».
І гэта дзякуючы таму, што гаспадарка ўключана ў аграпрамысловае аб’яднанне, створанае ў раёне.
— На нашы палі прыйшла магутная тэхніка Пастаўскага малочнага завода і ААТ «Камайскі-агра», — расказваў дырэктар таварыства Андрэй Кажурна. — Дапамога вялікая, таму і тэмпы работ вышэйшыя, чым былі ў папярэднія гады. Ёсць магчымасць адначасова выконваць некалькі тэхнічных аперацый. Вось і сёння вядзём ворыва, культывацыю глебы, сяўбу зерневых, падкормку азімых. Ды і якасць падрыхтоўкі глебы лепшая.

Яравыя зерневыя павінны заняць сёлета ў гаспадарцы 1 050 гектараў. На 14 красавіка імі засеяна 459. На 93 гектарах з планавых 340 пасеяны яравы рапс. Тэхніка працавала ў полі нават у нядзелю, калі ў вернікаў праваслаўнай канфесіі была Вербная, а каталіцкай — Вялікдзень. Землі ў «Янавіцы-агра» гліністыя. Пры сёлетнім надвор’і яны хутка перасыхаюць, таму нельга ўпускаць найлепшыя тэрміны сяўбы. У мінулыя нядзелю і панядзелак засеялі адпаведна 47 і 68 гектараў. А на першых 280-ці зерне было запраўлена ў глебу яшчэ ў канцы сакавіка ў лынтупскай зоне. У гэтыя дні ў гаспадарцы працуюць 3 пасяўныя агрэгаты і сеялка. З дырэктарам таварыства едзем у поле да аднаго з іх. Раз-пораз ён адказвае на тэлефонныя званкі. Адзін з іх — ад дырэктара малочнага завода Канстанціна Гайлеўскага, які ўзначальвае і аграпрамысловае аб’яднанне.

— Канстанцін Генрыхавіч у нас бывае штодня, — тлумачыць Андрэй Кажурна. — А па тэлефоне мы з ім па некалькі разоў на дзень размаўляем. Ведае ўсе нашы праблемы. На роўных абмяркоўваем іх і разам знаходзім шляхі вырашэння. Падтрымку адчуваем ва ўсім.

Неацэнную дапамогу янавіцкім хлебаробам аказваюць механізатары з малочнага завода на падрыхтоўцы глебы і сяўбе. Аляксандр Ханяўка займаецца дыскаваннем. Артур Чапскас спачатку вёў ворыва глебы, а зараз сее рапс. Віктар Чарняўскі з дыскавання пераключыўся на падсеў шматгадовых траў. Усе працуюць на магутнай тэхніцы, таму і выпрацоўка высокая. З ААТ «Камайскі-агра» прыйшла на дапамогу ў падкормцы азімых «Раса», на якой працуе Генадзій Шушкевіч. На гэтай жа рабоце былі заняты і Станіслаў Урбанайць з Аляксеем Лукашэвічам. За дзень азімыя падкормлены на 200 гектарах. Валерый Глазко займаецца ворывам, Ігар і Яўгеній Плотнікавы — культывацыяй, Мікалай Жарын і Фёдар Бартунскі — сяўбой. Рабочы дзень — з 7 да 20 гадзін. Усе сілы накіраваны на будучы ўраджай.
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара