Посевная кампания-2020. В Поставском районе посевы льна займут 2.350 гектаров

Сельское хозяйство

Лён любіць паклон

І не толькі восенню, калі наступае пара яго ўборкі, але і пачынаючы з вясны. Вельмі важна своечасова і якасна правесці сяўбу гэтай надзвычай патрабавальнай па агратэхніцы вырошчвання культуры, а затым дагледзець яе. Сыравінная зона Пастаўскага льнозавода складзе сёлета 2 350 гектараў. З іх толькі 300 прыпадае на тры сельгаспрадпрыемствы: па 100 гектараў даўгунцу павінны вырасціць ААТ «Кураполле-агра», «Сцяг Перамогі-агра» і «Камайскі-агра». А на 2 050-ці пагаспадарыць заводскі механізаваны атрад.

Шмат давялося папрацаваць Віктару Ганчару, пакуль падрыхтаваў да выхаду ў поле трактар з сеяльным агрэгатам. Вызначаецца ён і на сяўбе

Зараз на палетках, адведзеных пад лён, 20 адзінак тэхнікі занята на падрыхтоўцы глебы, унясенні мінеральных удабрэнняў, падвозе насення і гаруча-змазачных матэрыялаў, сяўбе. На ўчарашні дзень завадчане правялі яе ўжо больш чым на палове запланаванай плошчы. Насенне запраўлена ў глебу на 1 030 гектарах. Людзі даражаць часам, працуюць без выхадных, рабочы дзень пачынаецца ў 6 гадзін і заканчваецца ў 21. Зразумела, стамляюцца, але разумеюць, што такі напружаны рытм часовы.Чым хутчэй справяцца з сяўбой, тым большыя будуць надзеі на добры ўраджай. А ён вельмі патрэбны, каб забяспечыць прадпрыемства сыравінай, мець пастаянную работу, а значыць і заработкі.

Выконваючы абавязкі дырэктара льнозавода Іван Машлякевіч з адным з найлепшых механізатараў прадпрыемства Аляксандрам Аліноўскім

На цяперашні час сітуацыя такая, што трасту на перапрацоўку пастаўчане завозяць ажно з Бешанковіцкага раёна, фінансавае становішча завода цяжкае. Падтрымку аказаў райвыканкам, выдзеліўшы з бюджэту сродкі на набыццё насення (186 тон яго мелі свайго і 100 — закупілі), запчастак, мінеральных удабрэнняў, гаруча-змазачных матэрыялаў. З выплатай зарплаты дапамагалі малочны завод, аграбудпрадпрыемства «Рассвет Пастаўскі», ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай». На дапамогу ў правядзенні веснавых палявых работ распараджэннем старшыні райвыканкама накіравана 8 механізатараў з іншых арганізацый горада.

На 40 гектарах і больш праводзіць штодня дыскаванне глебы Аляксандр Шыкуць

— Але асноўная сіла — усё ж такі завадчане, — гаварыў в.а. дырэктара прадпрыемства Іван Машлякевіч. — Паедзем у поле, самі пабачыце, як старанна яны працуюць!

У той дзень (а гэта было пазаўчора) мы пабывалі на палетках ля вёсак Цёплыя і Логавінцы. У адным масіве — 72 гектары, у другім — 120. Паўсюль работа спорылася. За дзень засеялі 90 гектараў, глебу падрыхтавалі на110-ці. Пра каго б з механізатараў, занятых на падрыхтоўцы глебы і сяўбе ні гаварыў Іван Рыгоравіч, абавязкова падкрэсліваў, што дзённыя нормы выпрацоўкі выконвае на 150-200%. І называў прозвішчы Аляксандра Шыкуця, Дзмітрыя Скурацёнка, Сяргея Ворсіна, Аляксандра Аліноўскага, Віктара Ганчара, Сяргея Студзянкова, Івана Загурскага і іншых. З памочнікаў адзначыў Валерыя Кузьміча з лясгаса.

Сяўбу льну завадчане плануюць завяршыць у першай дэкадзе мая.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.