Посевная кампания-2020. Весенние работы в КУСП «Ляховщина-агро»

Сельское хозяйство

Добры настрой – у працы падмога

Галоўны аграном КУСП «Ляхаўшчына-агра» Марына Галубёнак нервавалася: «Хоць бы не пайшоў дождж! Глеба падрыхтавана да сяўбы — лепш і не трэба, але калі ўліе дождж, якасць ужо будзе не той». І неба нібыта адчула трывогу спецыяліста і земляробаў і злітасцівілася — набрынялыя вільгаццю хмары паплылі далей. А людзі прадоўжылі займацца сваёй адвечнай хлебаробскай справай.

У той дзень тэхніка працавала ў полі ля вёскі Прусы. Глеба на палове 103-гектарнага масіву была цалкам гатовая да сяўбы, на другой палове яе падрыхтоўка завяршалася. А Валерый Татун вывеў у поле сеялку.

Валерый Татун пастаянна перавыконвае дзённыя нормы выпрацоўкі на сяўбе і ўваходзіць у лік правафланговых у раённым спаборніцтве механізатараў

— Зранку ён яшчэ дасяваў яравую пшаніцу, а зараз зай­маецца рапсам. Вельмі працавіты, адказны, надзейны механізатар, — расказвала Марына Галубёнак. — На жаль, другая сеялка, на якой працуе Аляксандр Кабайла, сёння не выйшла ў поле — яна на рамонце з-за сур’ёзнай паломкі. А ўвогуле сёлетняя веснавая сяўба цалкам на плячах гэтых двух механізатараў.

Прашу Валерыя на некалькі хвілін спыніць работу, каб зрабіць фотаздымак для газеты і каб ён расказаў пра сябе. На што механізатар толькі ўсміхаецца: «Што расказваць? Працаваць трэба! Бачыце, які абсяг чакае?»

На наступны дзень да сяўбы рапсу прыступіў і Аляксандр Кабайла, і работа на ўсёй 103-гектарнай плошчы была завершана. З пачатку сяўбы на рахунку гэтага механізатара — 208 гектараў. У Валерыя Татуна паказчык намнога вышэйшы — 454 гектары. Ён — у ліку лідараў раённага спаборніцтва. І ў цэлым у сельгаспрадпрыемстве найвышэйшы паказчык у раёне па сяўбе зерневых і зернебабовых — 62,5% да плана.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.