Противостоять вместе! Поставчане активно помогают медикам в борьбе с коронавирусом

Здравоохранение

Вераць у сілу дабрыні

Сёння ў СМІ можна прачытаць шмат натхняльных гісторый пра тое, як простыя беларусы дапамагаюць медыкам супрацьстаяць каранавірусу. Сваіх ахоўнікаў здароўя падтрымалі і пастаўчане.

10 красавіка пастаўчанка Рыта Шылей размясціла ў сацсетках інфармацыю: «Сёння раздабыла швейную машынку — за гэта вялікі дзякуй маёй суседцы Іры. Буду шыць шматразовыя маскі і раздаваць іх бясплатна. Калі раптам у вас ляжыць без справы тканіна (бязь), ёсць лішнія швейныя ніткі або калі вы проста можаце дапамагчы набыць штосьці з пералічанага, то буду вельмі ўдзячная».

— Ці многія адгукнуліся на гэту просьбу? — пытаюся ў Рыты.

— Адразу пасля таго, як пост быў апублікаваны, мне сталі прыходзіць паведамленні ад людзей, гатовых дапамагчы, — расказвала яна. — Адны перадавалі пакеты з тканінай, другія пераводзілі на картачку грошы, каб я магла закупіць усё неабходнае. Таму задуманае ўдалося ажыццявіць. За некалькі дзён пашыла тры дзясяткі масак і перадала іх урачу агульнай практыкі ЦРБ Жанне Юркевіч. Таксама да мяне звярталіся знаёмыя з просьбай прадаць дзіцячыя маскі: малым, школьнікам падабраць іх складана. Але хіба я магу браць за гэта грошы? Наогул, не разумею, як можна рабіць бізнес на чалавечай бездапаможнасці, безвыходнасці?! І гэта пры тым, што нямала людзей засталіся без даходу. У такой няпростай сітуацыі мы павінны аб’ядноўвацца, а не нажывацца адно на адным. І я сапраўды ганаруся сваімі землякамі, калі чытаю, як беларусы з усіх куткоў краіны збіраюць сродкі для медыкаў, гатуюць ім бясплатныя абеды. Вакол нямала добрых і спагадлівых людзей — і ад гэтага на душы святлей.

dav

Шматлікія хатнія клопаты Рыты ніхто не адмяняў. Яна перажывае, што не можа прысвячаць пашыву масак так шмат часу, як гэтага хоча. Таму шукае сабе памочнікаў.

— Калі ў кагосьці ёсць час і жаданне дапамагчы, звяртайцеся да мяне праз сацсеткі, — звярнулася Рыта Шылей да пастаўчан. — Разам мы зможам пашыць нашмат больш масак, неабходных сёння не толькі медыкам, але і дзецям, пажылым… Калі вы не ўмееце шыць — не бяда. Раскройваць тканіну, устаўляць рызінкі можна без спецыяльных навыкаў.

У пачатку красавіка яшчэ адна жыхарка райцэнтра — 32-гадовая Людміла Бальшакова — на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» абвясціла пра збор сродкаў у падтрымку пастаўскіх медыкаў. А ўжо 16 красавіка размясціла фота­справаздачу. На здымках бачна, што ў цэнтральную раённую бальніцу было перададзена больш за 10 каробак.

— У іх былі аднаразовыя пальчаткі, антысептыкі, маскі, бахілы, ахоўныя акуляры, раствор для дэзінфекцыі памяшканняў і іншыя неабходныя медыкам рэчы і сродкі на суму амаль 3 000 рублёў, — патлумачыла Людміла Бальшакова. — Таксама ў камплекце былі набыты пульсаксіметр, танометр, тэрмометр і інгалятар. Яшчэ раней адвозіла ў ЦРБ ахоўныя шчыткі, касцюмы, халаты. Гэтыя сродкі ўдалося сабраць праз інтэрнэт — на платформе www.molamola.by. Адкрыццё збору было маёй ініцыятывай. Пэўны час я працавала медсястрой у аперацыйнай у бараўлянскім анкалагічным цэнтры. Праўда, пасля гэтага прафесію пакінула, адкрыла сваю справу. Але медыцына ўсё роўна засталася мне блізкай. І калі пачалася абвастрацца сітуацыя з каранавірусам, у першую чаргу падумала пра калег. Вельмі захацелася ім дапамагчы, але як гэта зрабіць, не ведала. Як арганізаваць збор сродкаў, падказалі сябры. У выніку за 12 дзён удалося сабраць больш чым тры з паловай тысячы рублёў. Людзі з усёй Беларусі ахвяравалі розныя сумы: 10, 20, 100 і нават 450 рублёў. Падкрэслю, што збор сродкаў працягваецца — у планах закупка кіслароднага канцэнтратара, які каштуе больш за 2 500 рублёў.

Абедзве мае суразмоўцы падчас інтэрв’ю гаварылі, што пандэмія, якая трымае ў напружанні ўсё насельніцтва Зямлі, — гэта перыяд абнулення, пераацэнкі жыццёвых каштоўнасцей. Час, калі людзі не толькі надзяваюць, але і скідваюць маскі — маю на ўвазе тое, што ў надзвычайнай сітуацыі яны паказваюць сваю сапраўдную сутнасць, перастаюць прытварацца тымі, кім зусім не з’яўляюцца.

Аднак у зменлівым свеце ёсць і нязменныя ісціны. Успамінаецца парада Далай-лама: «Будзьце дабрэйшымі, калі гэта магчыма. А гэта магчыма заўсёды». І хочацца верыць, што гісторыі пра людзей, якія дапамагаюць не словам, а справай, натхняць быць дабрэйшымі ўсіх нас.


Галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ Уладзімір Чакавы:

Ад імя ўсяго калектыву райбальніцы і ад сябе асабіста шчыра дзякую ўсім, хто мае дачыненне да дабрачыннага збору сродкаў. Усё закупленае Людмілай Бальшаковай медыкам сапраўды неабходна. Асабліва важна было ў гэтыя напружаныя дні атрымаць новы пульсаксіметр. Мы мелі вострую патрэбу ў гэтым апараце, аднак ён не ўваходзіць у стандартны табель аснашчанасці інфекцыйнага аддзялення і набыць яго за бюджэтныя сродкі складана. Гэта датычыць і кіслароднага канцэнтратара. Таму падтрымка з боку насельніцтва для нас вельмі патрэбная і важная.


Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.