Увага – самым старанным
Працягваецца рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод». Яе маршрут па нашым раёне пачаўся з груздаўскага сельскагаспадарчага аддзялення аграбудаўнічага прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі». Прэмію ад райкама прафсаюза работнікаў АПК заслужыла аператар машыннага даення Алеся Масінкевіч. Жанчына рыхтавалася да вячэрняй дойкі. Побач былі яе дзеці Мацвей, Мікіта і Аліна. У іх пачаліся канікулы, таму больш часу праводзяць з мамай.
— Памочнікі мае, — прытуляючы дачушку і сыночкаў да сябе, казала Алеся. — Гатовы выконваць любую работу. Любяць жывёлу, асабліва малых цялятак. Падрастае змена.
Алеся ў Груздава прыехала ў ліпені мінулага года. У свой час тут працавала, потым змяніла месца жыхарства, але па-ранейшаму цягнула сюды. Кіраўніцтва памятала яе старанне і таму без праблем прыняло зноў у калектыў і даверыла раздой першацёлак. Пакуль у групе 47 галоў. Усе расцяліліся. Цяпер справа за якасным раздоем. Хоць займаецца гэтым не ўпершыню, тым не менш складана: вымя трэба добра размасажыраваць, прывучыць маладую карову да даільнага апарата, уручную праверыць, ці добра выдаілася. Правільная тэхніка даення забяспечвае актыўную малакааддачу.

З пачатку бягучага года Алеся Масінкевіч прызнана найлепшай сярод аператараў машыннага даення не толькі фермы «Груздава», але і СП «Дунілавічы-агра» і ААТ «Кураполле-агра».
А абсалютнай пераможцай сярод аператараў групы гаспадарак, у якую ўваходзяць ААТ «Камайскі-агра», «Навасёлкі-Лучай» і «Хацілы-агра», за першыя месяцы новага года стала Наталля Ткачова з фермы «Навасёлкі». Яна лічыць, што поспеху дасягае той, хто любіць сваю работу.
— Я вырасла на ферме, — успамінала. — Мая мама — ветэрынарны фельчар у мулярскім аддзяленні ААТ «Камайскі-агра». Я таксама марыла пайсці па яе слядах. Па розных абставінах не склалася. У Навасёлках жыву і працую 9 гадоў. Калектыў дружны, загадчыца Вікторыя Вартазаран, дырэктар гаспадаркі Юрый Шымчык, спецыялісты, адказныя за жывёлагадоўлю, ствараюць для нас усе ўмовы. Таму і працуецца нескладана, і надоі радуюць.
— Наталля — нязменная пераможца розных спаборніцтваў, — пацвердзіла Вікторыя Вартазаран. — Мы ёй ганарымся!

Сустрэча з Інай Тамко з фермы «Ляхаўшчына» СП «Ляхаўшчына-агра» пачалася з прыемных успамінаў пра злёт найлепшых жывёлаводаў вобласці, у якім яна прымала ўдзел разам з яшчэ 12 работнікамі ферм раёна.
— Уражанняў засталося мноства, — гаварыла Іна Тамко. — На такім форуме была ўпершыню. Спадабалася ўсё. Пазнаёмілася з аператарамі з іншых гаспадарак раёна і вобласці. Дзякуй, што ацанілі маю працу.
Дыпломы, грашовыя прэміі, прыгожыя і смачныя тарты пераможцам уручылі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Філімонаў і першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Эдуард Януковіч. Яны таксама агледзелі сацыяльна-бытавыя ўмовы на фермах, уважліва выслухалі звароты членаў прафсаюза па розных пытаннях.

— Паказчыкі работы жывёлаводаў гаспадарак раёна адрозніваюцца, — гаварыў Эдуард Януковіч. — Аднаго старання людзей недастаткова для таго, каб былі высокімі надоі і прывагі. Дзе хапае травяністых кармоў, канцэнтратаў, там і вынікі радуюць. З пачатку года ў вытворчасці малака ў цэлым па раёне ёсць прыбаўка. Яна складае 869 тон, з пачатку сакавіка — 366. Найвышэйшых надояў, вядома ж, дабіваюцца аператары рабатызаваных ферм «Волахі» і «Коўзаны», дзе ў гэтыя дні ад кожнай каровы надойваюць у сярэднім амаль па 26 і 25 кілаграмаў адпаведна. Сярод звычайных ферм у лідарах аператары ферм «Навасёлкі» (больш за 17 кілаграмаў у дзень), «Целякі» (15,7), «Волахі» (15). Амаль па 14 кілаграмаў атрымліваюць у Камаях, па 13,6 і 13,4 — у Кураполлі і ў Лучаі.
— Рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод» праводзіцца чацвёрты год, — гаварыў Аляксей Філімонаў. — І райкам прафсаюза работнікаў АПК заахвочвае самых старанных.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара