Середина апреля—середина мая — самое оптимальное время для борьбы с борщевиком Сосновского

Экология

Паспець своечасова

Сярэдзіна красавіка — сярэдзіна мая — самы спрыяльны час для барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага. Гэта агрэсіўная чужародная расліна наносіць значную эканамічную шкоду і аказвае негатыўнае ўздзеянне як на экалагічныя сістэмы, так і на здароўе людзей. З-за гэтых адмоўных якасцей баршчэўнік у нашай краіне ўключаны ў спіс раслін, распаўсюджанне і колькасць якіх падлягае рэгуляванню.

Праблема баршчэўніку Сасноўскага — гэта вынік не ўцягнутых у гаспадарчы абарот і неапрацоўваемых зямель, на якіх ён распаўсюджваецца з касмічнай хуткасцю. Дзякуючы сваёй інвазіўнасці — здольнасці выцясняць іншыя расліны, — а таксама няўменню прыродакарыстальнікаў правільна і своечасова з ім змагацца людзі часта атрымліваюць ад гэтага пустазелля сур’ёзныя апёкі. Сам жа баршчэўнік Сасноўскага працягвае заваёўваць новыя тэрыторыі (пры спрыяльных умовах — на 15% у год). У Беларусі ён выяўлены ў 103 раёнах на 4 615,73 гектара. Найбольшую плошчу займае ў Віцебскай вобласці, на долю якой прыпадае 85,5% ад агульнай плошчы вырастання расліны ў краіне.

Самымі эфектыўнымі метадамі ба­рацьбы з баршчэўнікам з’яўляюцца хімічны і камбінаваны. Пры першым прымяняюцца гербіцыды, якія выклікаюць гібель раслін. У аснову другога пакладзена выкарыстанне розных спосабаў (скошванне, вясенняе ворыва з наступным дыскаваннем і пасевам абарыгенных траў і г.д.). Пералік асноўных метадаў і асаблівасці іх выкарыстання можна знайсці на сайце Мінпрыроды ў памятцы «Правядзенне мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджання колькасці баршчэўніку Сасноўскага».

Асноўная памылка, якую людзі дапускаюць пры барацьбе з гэтым пустазеллем, — пакіданне на зямлі, пасля таго як яго скасілі. Рабіць так нельга, бо генератыўны парастак расліны мае ў сцябліне дастатковы запас пажыўных рэчываў для выспявання ў галоўным парасоніку насення, якое ўжо паспела завязацца. Садзейнічае распаўсюджанню баршчэўніку і скошванне ў момант абсыпання насення. Таксама не забывайце і пра меры бяспекі: падчас работы з баршчэўнікам не павінна быць адкрытых участкаў цела. Калі сок расліны трапіць на скуру і не будзе змыты на працягу сутак, то пад уздзеяннем сонечнага святла ён можа выклікаць дэрматыт накшталт апёкаў.

На тэрыторыі раёна ўстаноўлена 73 месцы вырастання баршчэўніку Сасноўскага на плошчы 19,9 гектара.

Вераніка Філановіч
Фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.