Шашки помогают интеллектуальному развитию ребенка — уверена руководитель кружка «Шашки 64» Наталья Симанько

Общество

Усё геніяльнае проста

Серада. 8 гадзін раніцы. У кабінеце настаўніцы пачатковых класаў СШ №2 Наталлі Сіманькі збіраюцца вучні 1—4 класаў: з хвіліны на хвіліну павінны распачацца штотыднёвыя заняткі ў гуртку «Шашкі 64».

На стале педагога — вялізная папка з дыдактычным матэрыялам, на класнай дошцы — магнітнае поле для гульні ў шашкі. Для размінкі Наталля Мікалаеўна прапануе дзецям (а іх сабралася два дзясяткі чалавек) рашыць камбінацыйную задачу. Да дошкі выходзіць адзін вучань, другі, трэці… Рашэнне нарэшце знойдзена!

Пасля тлумачэння новай тэмы хлопчыкі і дзяўчынкі пачынаюць гуляць адно з адным. А ў мяне з’яўляецца крыху часу на тое, каб распытаць Наталлю Сіманьку пра дзейнасць на сёння адзінага ў навучальных установах Пастаўшчыны гуртка па шашках.

Кіраўнік гуртка «Шашкі 64» Наталля Сіманька

— Многія бацькі апантаныя інтэлектуальным развіццём сваіх дзяцей, — пачала размову Наталля Сіманька. — У пагоні за сучаснымі (часта нятаннымі) гульнямі і цацкамі яны забываюць пра такую даўнюю і захапляльную гульню, як шашкі. Простая яна толькі на першы погляд. Гуляючы ў шашкі, дзеці вучацца лагічна мысліць, развіваецца іх прасторавае ўяўленне, выпрацоўваецца ўседлівасць. Думаць наперад, ду­маць самастойна, несці адказнасць за прынятае рашэнне, адэкватна адносіцца да няўдач і паражэнняў — гэтаму ўсяму таксама вучаць шашкі. А калі ў іх яшчэ і бацькі дома гуляюць, то наогул ідэальна атрымліваецца — і для мозга трэніроўка, і такія важныя для дзяцей узаемаадносіны з роднымі.

Наталлю Сіманьку навучыў гуляць у шашкі дзядуля, любоў да іх прывівала і мама. Як вынік у школе наведвала спецыяльныя заняткі, ездзіла на спаборніцтвы. Калі прыйшла працаваць у СШ №2, пачала актыўна ўдзельнічаць (і перамагаць!) у шматлікіх турнірах па шашках. Іх праводзіў і право­дзіць яшчэ адзін настаўнік другой школы — Іван Троцкі, які паспрыяў развіццю ў раёне гэтага віду спорту.

Весці гурток у СШ №2 Наталля Мікалаеўна пачала ў 2008 годзе, некаторы час кіравала такім жа і ў раённым цэнтры дзяцей і мола­дзі. Колькасць яе вучняў-шашыстаў ідзе на сотні.

— Натхняюць не толькі поспехі дзяцей, але і пастаянная падтрымка іх бацькоў, — працягвала педагог. — Яны ніколі не адмаўляюцца паўдзельнічаць у турнірах, якія з году ў год арганізуюцца ў нашай школе. Заўжды знаходжу разуменне з боку кіраўніцтва школы. Сваімі ідэямі ўмее захапіць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Семянас. Летась мяне зацікавіла яе прапанова арганізаваць гурток «Што? Дзе? Калі?». У сваім класе вяду яго ўжо другі год.

І вучні радуюць сваімі вынікамі. Так, нядаўна яны ўдзельнічалі ў першай у Паставах дзіцячай «Мазгабойні». Гэта інтэлектульнае спаборніцтва сабрала на адной пляцоўцы дзясяткі вучняў пачатковых класаў з розных школ Пастаў. Каманда 3 «Б» класа, у якім Наталля Мікалаеўна з’яўляецца класным кіраўніком, у той дзень стала пераможцай.

Заняткі ў гуртку вось-вось павінны скончыцца, але яшчэ паспяваю крыху пагутарыць з асобнымі вучнямі. Яны захоплена расказвалі пра свае першыя поспехі, штотыднёвыя сустрэчы ў гуртку і пра гульню ў шашкі дома з бацькамі. 

— Хадзіць на гурток вучняў ніхто не прымушае, яны самі вырашаюць, цікава ім гэта або не, — адзначыла напрыканцы размовы Наталля Сіманька. — Як настаўніца шчыра радуюся, калі бачу, наколькі вучні зацікаўленыя гульнёй. У час гаджэтаў і камп’ютараў гэта асабліва важна. Насамрэч захапіць дзяцей новым заняткам нескладана, асабліва ў такім узросце. У пачатковай школе «ляпіць» з іх можна што заўгодна. Галоўнае, каб у цябе самога было на гэта жаданне!

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.