З дастаўкай дадому
Сёлета камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі заключылі пагадненне аб шматбаковым супрацоўніцтве. Запланавана правядзенне шэрага сумесных акцый і мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва і прапаганду здаровага ладу жыцця.
Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі асабліва вялікая ўвага ўдзяляецца пажылым грамадзянам, якім супрацьпаказана наведванне месцаў масавага збору людзей. Не ва ўсіх іх ёсць родныя і блізкія, якія сходзяць замест іх у магазін, аптэку ці па рэцэпт у паліклініку. На Пастаўшчыне ў такой сітуацыі гатовыя дапамагчы работнікі Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іх новыя памочнікі — 11 валанцёраў райкама БРСМ і раённай арганізацыі БТЧК.

— Тэлефонныя заяўкі на дастаўку лекаў ці прадуктаў пажылыя людзі пакідаюць у ТЦСАН, — расказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава. — Кантакты тых, хто просіць дапамогі, часткова перадаюцца і валанцёрам. За два апошнія тыдні яны наведалі ў Паставах 9 пажылых грамадзян (усяго па горадзе паступіла 28 заявак — аўт.). Чацвёра звярнуліся з просьбай забраць у паліклініцы рэцэпт на атрыманне лекаў, пяцёра папрасілі даставіць ім дадому прадукты.
Сярод тых, хто патэлефанаваў у ТЦСАН на мінулым тыдні, была 82-гадовая адзінокая жыхарка райцэнтра Люцыя Камянецкая. Супрацоўніца сацыяльнай службы Ірына Куцуха і валанцёры прывезлі ёй хлеб, мясныя вырабы, запалкі, фрукты — усё, што прасіла напярэдадні жанчына. Разлічыўшыся за пакупкі, Люцыя Сігізмундаўна шчыра падзякавала гасцям за аказаную ёй дапамогу.
Нагадаем, што пакінуць заяўкі ў ТЦСАН пажылыя людзі і інваліды могуць па тэлефонах: 2-40-64, 2-06-50 (у рабочыя дні), 2-40-64 (у выхадныя і святочныя). Час прыёму заявак — з 9.00 да 18.00.
Іна Сняжкова. Фота аўтара