Жители д. Тиунцы заботятся о порядке не только на своем участке, но и во всей деревне

Общество

Памаладзела вёска

Цівунцы — вёска ў Варапаеўскім сельсавеце. Тут пражывае 40 чалавек. Большасць — паважанага ўзросту. Але як яны клапоцяцца пра парадак не толькі каля сваіх дамоў, але і ў цэлым у населеным пункце!

— Ідэйным натхняльнікам з’яўляецца старэйшына вёскі Ганна Дубовік, — расказвала старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. — Ініцыятыўная, камунікабельная. Сёлета даўно пагаворвала, што ў вёсцы варта правесці суботнік. Я прапанавала ёй пачакаць, пакуль пацяплее. У суботу, 28 сакавіка, надвор’е выдалася цёплым і сонечным, і жыхары Цівунцаў, узброіўшыся прыладамі працы, дружна ўзяліся за работу.

— Нас было 15 чалавек, — падхоплівае размову Ганна Дубовік. — Леанід Сініца сваёй пілой выразаў густы зараснік уздоўж вуліцы. Іван Муха, Аляксандр Казлоўскі, Іосіф Сініца, Генадзій Дубовік, Пётр Зямчонак, Павел Вайткевіч тапарамі высякалі хмызняк, выцягвалі яго на дарогу. Дапамагалі ім я, Яніна Муха, Галіна Дубовік. Завіхаўся разам з намі і 9-гадовы Антон Рагіня. Старэйшыя, Часлава Кошка і Леакадзія Сініца, прыбіралі бліжэй да сваіх дамоў. Павел Юдэнка падагнаў уласны трактар з прычэпам, у які ўсё і грузілі. Працавалі каля 6 гадзін. Вывезлі 7 прычэпаў хмызняку. Стаміліся. Але так прыемна, што вясковая вуліца пашырэла, пасвятлела і памаладзела! Прысеўшы адпачыць, успаміналі дзяцінства і маладосць, якія прайшлі ў Цівунцах. Парадак у вёсцы быў заўсёды. Нам гаспадарлі­васць перадалася ад нашых дзядоў і бацькоў. І мы абавязаны прадаўжаць іх добрыя традыцыі. Вырашылі прысвяціць гэты суботнік 75-годдзю Вялікай Перамогі. Яе ў партызанскіх атрадах і на фронце здабывалі вяскоўцы Іосіф і Мечыслаў Дубовікі, Ігнацій Цярцюк, Мечыслаў Шырневіч, Фляр’ян Кошка, Іван Жалейка, Казімір Кадушкевіч і мой тата Іосіф Бялапка. А Півус Сініца і Баляслаў Бялапка загінулі на вайне. Мы, нашчадкі, ушаноўваем памяць пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і імкнёмся, каб у гародчыках цвілі кветкі, былі акуратнымі агароджы, панавала чысціня. Прыемна, што на суботнік прыехала Іна Генадзьеўна Касарэўская. І не проста паглядзела, як працуем, а дапамагала сама.

— Вельмі хацелася б, каб клопат жыхароў Цівунцаў пра родны куточак стаў прыкладам для іншых, — гаварыла Іна Касарэўская. — Развітаўшыся з дружнымі вяскоўцамі, праехала па іншых вёсках сельсавета. Работы ўсюды шмат. Нягледзячы на тое, што ў населеных пунктах наладжаны рэгулярны вываз бытавых адходаў, уздоўж вуліц, у канавах, за межамі прыдамавых тэрыторый часта трапляюцца цэлыя сметнікі. І пераканаць нядобрасумленных жыхароў у неабходнасці захоўваць чысціню вельмі складана. А каб навесці элементарны парадак, не трэба вялікіх фінансавых затрат — толькі працавітыя рукі і жаданне саміх жыхароў.

Анна Анішкевіч
Фота Іны Касарэўскай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.