У хлеборобов ОАО «Камайский-агро» — лучшие показатели на подготовке почвы и севе яровых зерновых

Сельское хозяйство

Найлепшыя – у «Камайскім-агра»

З нумара ў нумар у «Пастаўскім краі» друкуюцца прозвішчы механізатараў, якія дасягаюць найвышэйшых паказчыкаў на падрыхтоўцы глебы і сяўбе яравых зерневых. І кожны раз гэты спіс адкрываюць камайцы і дамінуюць у ім. Вось і ў папярэднім нумары ў верхніх яго радках значыліся прозвішчы Івана Яркоўскага, Вадзіма Дуброўскага, Іосіфа Гайлюна, Валерыя Руткоўскага, якія працуюць на трактарах з сеяльнымі агрэгатамі. На ўчарашні дзень кожны з іх засеяў адпаведна 642, 631, 593, 599 гектараў, і яны па ранейшаму лідзіруюць у раёне. А на падрыхтоўцы глебы асабліва вызначыўся Сяргей Бразоўскі, на рахунку якога амаль тысяча гектараў. У ліку пераможцаў раённага спаборніцтва на падрыхтоўцы глебы і Мікалай Вісоцкас.

— Сёння сеем далёка — ля самай граніцы з Літвой, — патлумачыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзіслаў Шарснёў, які назначаны на гэту пасаду зусім нядаўна — з 16 сакавіка. — Але паедзем!

Іван Яркоўскі і Валерый Руткоўскі (крайнія злева і справа) працуюць на трактарах з сеяльнымі агрэгатамі, Віктар Сінкевіч — на каменепадборшчыку, Павел Кеўліч падвозіць у поле зерне

Па дарозе грунтоўна пагутарыць з кіраўніком калектыву не ўдалося: ён толькі паспяваў адказваць на тэлефонныя званкі — так шмат пытанняў даводзілася тэрмінова вырашаць. Яно і зразумела: пара вельмі напружаная. У гэтыя дні на палетках працуюць 4 пасяўныя агрэгаты і 2 сеялкі. А колькі тэхнікі занята на падрыхтоўцы глебы, унясенні ўдабрэнняў, іншых работах!

ААТ «Камайскі-агра» — найбуйнейшая ў раёне гаспадарка. Таму і аб’ём работ у веснавым полі асабліва вялікі. На ўчарашні дзень тут засеялі 2 180 гектараў зерневымі і зернебабовымі і 650 — рапсам. Штодня на палетках, у майстэрнях, на зернескладах занята да 60 чалавек. Усе яны атрымліваюць гарачыя абеды і падвячоркі, якія гатуюцца ў сталовай сельгаспрадпрыемства.

Збіраючыся ў Камаі, узяла з сабой свежы нумар раёнкі. Як жа зацікавіліся механізатары, з якімі сустрэлася ў полі, зводкай аб ходзе сельгасработ і перадавікамі! «Іван, дык ты першы ў раёне! — шчыра віншавалі Яркоўскага. — І многія нашы — малайцы!»

І сапраўды малайцы!

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.