Участница «Юнчанки» Анна Сороко научила кулинарным традициям подготовки к Пасхе (+рецепт)

Важное Культура

Са светлымі думкамі і малітвай прынята выпякаць пасхальныя кулічы.

Напярэдадні праваслаўнага свята карэспандэнт «ПК» пераймала кулінарныя традыцыі падрыхтоўкі да Пасхі ад удзельніцы «Юнчанкі».

У кожнага аб’яднання па інтарэсах ёсць свая іскрынка. У жаночага народнага клуба «Юнчанка», які дзейнічае пры Юнькаўскім сельскім Доме культуры, такой візітнай карткай з’яўляецца кулінарная выпечка. Ведаючы гэту адметнасць, напярэдадні Пасхі тэлефаную загадчыцы мясцовага СДК Алене Зубко і прашу парэкамендаваць цікавую ­ўдзельніцу аб’яднання для газетнага артыкула. Умова — яна павінна ўмець пячы кулічы па рэцэптах не з інтэрнэту, а перанятых ад продкаў, інакш кажучы, быць захавальніцай традыцый. «Якраз збіраюся з дачушкамі Ксеніяй і Сабінай да ўдзельніцы клуба Ганны Сарокі: хачу, каб яна парэкамендавала рэцэпты да найвялікшага хрысціянскага свята. Прыязджайце і вы», — чую ў адказ.

Рыхтуюцца да свята Ганна Сарока з Ксеніяй і Сабінай Зубко

Праз 10 хвілін мы ў аграгарадку. Шукаем названы нумар дома па вуліцы Садовай. Хата гасцінна сустракае адчыненымі дзвярыма. А ў ёй — да гаспадыні як цеста да рук прыліплі дзяўчынкі: сочаць за кожным рухам Ганны Антонаўны, імкнуцца паўтараць за ёй кожнае дзеянне з цестам.

— Мая матуля была выдатнай гаспадыняй, умела пячы з дражджавога цеста разнастайныя пірагі, булачкі і плюшкі, — апавядала Ганна Сарока. — Пякла і хлеб. Гэта працяглы працэс, але ў тым і асалода сакральнай хлебнай дзеі. Мы ж з сястрой з задавальненнем назіралі за яе спрактыкаванымі рухамі, дапамагалі на ўзроўні «прынясі-падай». Як зараз бачу: матуля замешвае цеста ў дзяжы, фарміруе боханы і ставіць у печ, а як спякуцца — дастае і выкладвае на ручнік, змочвае вадой і накрывае другім ручніком. Пах стаяў духмяны! А праз комін водар хлеба «вырываўся» на вуліцу і плыў па вёсцы. І ўвесь гэты час мы чакалі з нецярпеннем, пакуль нам адкрояць па скібцы і намажуць маслам. Смаката!

Цукру ў дзяцінстве Ганны Антонаўны амаль не было, таму караваі і кулічы, якія бачылі толькі на Каляды і Пасху, былі доўгачаканым ласункам. Іх выраб, як і хлеба, быў працаёмкім. Каб дрожджы падышлі, рошчыну разводзілі на ноч, а прыблізна ў 5 раніцы наступнага дня пачыналі мясіць цеста (пакуль не стане адставаць ад рук) у вялікай пасудзіне. Потым яго разы два абміналі — «здувалі», каб выходзіў вуглякіслы газ. Далей на 2/3 запаўнялі цестам змазаную свіным тлушчам форму і пакідалі, каб крыху «падрасло». І толькі потым змяшчалі ў печ, якую папярэдне нацеплілі і выграблі з яе жар. Далей паглядвалі, ці не зарумяніўся верх куліча або, як раней казалі, закаліўся.

— У нашай сям’і на Пасху было прынята фарбаваць яйкі, гатаваць кулічы (на іх зрасходавалі каля 8 кілаграмаў мукі), рулеты з макам і з тварагом, тварожнае жэле, — працягвала дзяліцца народнымі традыцыямі Ганна Сарока. — Але галоўнае ў гэтым працэсе нават не цеплыня рук гаспадыні, якую так любіць цеста, а малітва і светлыя думкі: перад прыгатаваннем святочных страў абавязкова трэба папрасіць Боскага бласлаўлення.

Перанятыя ад продкаў традыцыі Ганна Антонаўна перадае ў спадчыну маладому пакаленню, а таксама дзеліцца імі з калегамі. З задавальненнем пераймае і іх досвед.

— Традыцыі і старадаўнія беларускія рэцэпты, якія ведаюць удзельніцы нашага жаночага клуба, — скарбонка жыцця народа, — падсумоўвае Алена Зубко. — І мы надзвычай удзячныя нашым «юнчанкам» за іх актыўнасць і бясцэнны вопыт.


Рэцэпт тварожнага жэле ад Ганны Сарокі

Інгрэдыенты: тварог — 500 г, яйкі — 2 шт., цукар — 200 г, масла сметанковае — 50 г, смятана —200 г, жэлацін — 50 г

Прыгатаванне. Тварог працерці праз сіта ці ўзбіць у блэндары і змяшаць з усімі інгрэдыентамі, акрамя жэлаціну. Па жаданні можна дабавіць ванілін, сухафрукты. Жэлацін развесці па інструкцыі і ўліць у тварожную масу. Перамяшаць, раскласці па формах і адправіць у халадзільнік для застывання.


Вераніка Філановіч
Фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.