Участник Великой Отечественной войны Владимир Дук почти 2 года провел в больницах после ранения

75 лет Победы

Лёс чалавека

Мой зямляк, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Дук, нарадзіўся ў 1919 го­дзе ў вёсцы Міхнічы. Рана застаўся сіратой. Каб неяк пра­жыць, з дзяцінства пасвіў жывёлу ў заможных сялян, калі падрос, ездзіў у Эстонію на заробкі. Хлопец вырас высокі, шыракаплечы, дужы. Добра касіў, ха­дзіў за плугам, любіў спорт, нават удзельнічаў у лыжных спаборніцтвах, якія за польскім часам праходзілі ў Вільні.

У Міхнічах жыла сімпатычная працавітая дзяўчына Адальфіна. Мела швейную машынку і была выдатнай швачкай. На яе заглядаліся многія, але яна пакахала Ула­дзіміра, а ён — яе. Сустракаліся кожны дзень, будавалі планы, збіраліся пажаніцца. Ды ўсе іх мары разбурыла вайна.

У 1944 годзе Уладзіміра прызвалі ў армію. Служыў у 17-м пяхотным палку Войска Польскага. Вызваляў Польшчу, ваяваў на тэрыторыі Германіі. 24 красавіка 1945 года атрымаў цяжкае раненне. Бой быў жудасны. Фашысты змагаліся з адчаем загнанага звера. Зямляк Уладзіміра выцягнуў яго з таго пекла. Трое сутак пад абстрэламі і бамбёжкамі ехалі да шпіталя. Параненых было вельмі многа, медыкі не паспявалі аперыраваць. Беспрытомнага Уладзіміра, які страціў шмат крыві, палічылі мёртвым і адправілі ў морг. Там было холадна, і салдат застагнаў. Гэта пачула санітарка, і Уладзіміра перанеслі ў палату. Прааперыравалі, саставілі раздробленыя косці, налажылі гіпс. Але пад ім праз нейкі час завяліся вошы і чарвякі. Яны так даймалі параненага, што ён не мог ні спаць, ні есці і слабеў з кожным днём, увесь час прасіў зняць гіпс. Калі ўсё ж такі медыкі яго паслухалі і зрабілі гэта, то жахнуліся: усё было моцна раз’едзена пара­зітамі. Салдату прамылі раны, перавязалі, зноў налажылі гіпс. І яму стала так лёгка, што праспаў некалькі сутак запар.

А дома, у Міхнічах, з надзеяй гледзячы на паштальёна, Адальфіна чакала ад Уладзіміра вестак. Яна не ведала, што найдаражэйшы для яе чалавек ляжыць скалечаны, ледзь жывы, і «варожаць» над ім у прыфрантавых шпіталях смяротна стомленыя ваенныя ўрачы. І яны выратавалі салдата.

Скончылася вайна. Франтавікі пачалі вяртацца дадому. Ад Уладзіміра па-ранейшаму не было вестак. Толькі праз некалькі месяцаў прыйшло доўгачаканае пісьмо. Родныя, нават не распячатаўшы яго, зразумелі, што здарылася штосьці нядобрае, бо ліст быў напісаны чужой рукой.

Амаль два гады пасля вайны правёў Уладзімір у шпіталях. Яго аперыравалі, зноў накладвалі гіпс. Салдат вельмі хваляваўся, як сустрэне каханая яго, пакалечанага. Але дарэмна перажываў. Адальфіна дачакалася, і яны пажаніліся. Спачатку жылі ў пустым доме польскай настаўніцы, потым пабудавалі свой. У іх нарадзіліся дачка і сын. Уладзіміру далі ІІ групу інваліднасці. Левая нага была намнога карацейшая, не гнулася ў калене. Нягледзячы на гэта, працаваў у калгасе, даглядаў сваю гаспадарку.


Калі слухаю ўспаміны ветэранаў, чытаю кнігі пра вайну, заўсёды дзіўлюся, як людзі вынеслі ўсё гэта, выжылі ў такім пекле.


Ветэран быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй». Памёр у 1977 годзе. Пахаваны ў Міхнічах. Побач магілка яго вернай жонкі Адальфіны, якая перажыла мужа на многа гадоў.

Калі слухаю ўспаміны ветэранаў, чытаю кнігі пра вайну, заўсёды дзіўлюся, як людзі вынеслі ўсё гэта, выжылі ў такім пекле. А потым іх чакала цяжкая праца ў калгасе за працадні, аднаўленне разбураных гарадоў, спаленых вёсак. Нават 9 мая пасля вайны быў працоўным днём і толькі ў 1965 годзе ён стаў Днём Вялікай Перамогі.

Стэфанія Якавіцкая



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.