Уже 7 лет в Поставах по улице Пушкина, 44 «А» работает пункт приема вторсырья

Экология

Выкінуць у смецце або здаць?

Ртуць — адзін з сямі металаў, вядомых са старажытных часоў. Чалавецтва выкарыстоўвае яго ўжо больш за 3 000 гадоў. Старажытныя хімікі з дапамогай ртуці здабывалі з руды золата, серабро, плаціну і іншыя металы. Лекары выраблялі на яе аснове медыцынскія прэпараты і зеллі для лячэння розных захворванняў скуры, уключалі ў састаў мачагонных і слабіцельных сродкаў, выкарыстоўвалі ў стаматалогіі.

Шырока прымяняецца гэты метал і зараз. У прамысловасці — пры перапрацоўцы нафты, вырабе выбуховых рэчываў, для амальгамацыі золата і серабра і інш. У сельскай гаспадарцы — у якасці пратручвальніка насення і гербіцыду. Таксама ртуць прысутнічае ў медыцынскіх тэрмометрах і барометрах, усемагчымых лямпах і іншай электратэхніцы. Частку такіх прыбораў мы выкарыстоўваем у быце, нярэдка забываючы пра тое, што з імі трэба быць асцярожнымі і не выкідваць у звычайны смеццевы кантэйнер.

Ужо 7 гадоў у Паставах па вуліцы Пушкіна, 44 «А», побач са сталярным цэхам УП ЖКГ, працуе пункт прыёму другаснай сыравіны. Разам з паперай, кардонам, шклом, пластыкам і гумай сюды можна здаць энергазберагальныя лямпы, якія ўтрымліваюць ртуць. Загадвае пунктам майстар участка саначысткі і добраўпарадкавання Ірына Казлоўская.

— Я прымаю ад насельніцтва ртутныя газаразрадныя і святлодыёдныя лямпы, якія перадаю на склад начальніку ўчастка электрагаспадаркі Яўгенію Шастаку, — расказвае Ірына Іосіфаўна. — Там яны захоўваюцца ў спецыяльнай упакоўцы да адпраўкі на перапрацоўку ва УП «БелВТИ-регион» у Полацку. Перапрацоўка лямп для нашай арганізацыі, як і для іншых прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэспублікі, платная. Таму мы не маем фінансавай магчымасці заплаціць людзям за іх здачу.

Гэтым, хутчэй за ўсё, і тлумачыцца той факт, што пастаўчане вельмі рэдка прыносяць перагарэлыя энергазберагальныя лямпачкі ў пункт прыёму. Большасць, як правіла, выкідвае іх у кантэйнеры для збору шкла або цвёрдых бытавых адходаў, не клапоцячыся пра тое, што крохкі прадмет можа разбіцца, а ртуць — выцечы і трапіць у навакольнае асяроддзе. Па словах Ірыны Іосіфаўны, такіх прыкладаў асабліва шмат у мікрараёнах вуліцы Юбілейнай і 6 гарадка. Калі, прыязджаючы па смецце, камунальнікі бачаць у кантэйнеры лямпачку, акуратна дастаюць яе і вязуць на склад.

Пункты прыёму другаснай сыравіны ёсць таксама ў Варапаеве, Лынтупах і Навасёлках. Але туды лямпы наогул ніхто не здае. Нячаста прыносяць іх і ў магазін ваенсэрвісу і ўнівермаг «Амега» на плошчы Леніна ў Паставах, дзе ўстаноўлены спецыяльныя кантэйнеры. У такім выпадку хочацца спытаць: няўжо цяжка, ідучы ў магазін, узяць з сабой старую лямпачку?


Да ведама:
Ртуць высокатаксічная для любых форм жыцця. Асаблівую небяспеку ўяўляе яе пара, выдзяленне якой з адкрытых паверхняў узрастае пры павышэнні тэмпературы паветра. Пры ўдыханні ртуць трапляе ў кроў і аказвае таксічнае ўздзеянне на нервовую, стрававальную і імунную сістэмы, лёгкія, ныркі, скуру і вочы.


Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.