Вось яно, сапраўднае шчасце!
У сям’і Насевіч з Варапаева пануюць каханне і ўзаемаразуменне. Сёлета Іван і Таццяна адзначаць хрустальнае вяселле. Калісьці марылі пра пяцярых сыноў. Але па волі лёсу ў іх нарадзілася столькі ж прыгажунь дачушак. Ёсць уласны дом, машына, любімая работа… Што яшчэ патрэбна для шчасця?
Гадоў 20 таму старэйшы брат Таццяны, Сяргей, пазнаёміў сястру са сваім сябрам Іванам. У той час Таня вучылася ў Віцебску ва ўніверсітэце, у родны пасёлак прыязджала на выхадныя. Паступова хлопец і дзяўчына зразумелі, што знайшлі адно аднаго. А адлегласць толькі ўмацоўвала іх пачуцці.
2005-ы прынёс тры знакавыя падзеі для закаханых. Яны стварылі сям’ю. Радасныя жыццёвыя перамены не перашкодзілі Тані атрымаць чырвоны дыплом. І ў той жа год у Насевічаў нарадзілася першая дачушка.
Сёння Аня ўжо васьмікласніца, актыўная ўдзельніца школьнай алімпіяды па розных прадметах. Наведвае вочна-завочную школу ў «Зубраняці» з дыстанцыйным навучаннем для адораных дзяцей з сельскай мясцовасці, займаецца ў музычнай школе па класе баяна, удзельніца ўзорнага ансамбля народнай музыкі і песні «Званочкі» і ансамбля гарманістаў. Мае шматлікія дыпломы, прывезеныя з разнастайных музычных конкурсаў. У вольны час падбірае на гітары любімыя песні. У будучым марыць стаць урачом.
Дзесяцігадовая Марыя не менш цешыць бацькоў сваімі музычнымі перамогамі і спартыўнымі дасягненнямі. Па словах маці, Маша — самая творчая асоба ў сям’і. Дзяўчынка грае на баяне, спявае ў вакальна-эстраднай студыі ANIMA, удзельнічае ў флэшмобах. Больш за ўсё любіць жывёл і хоча звязаць сваё жыццё з ветэрынарыяй.
Першакласніца Насця па прыкладзе старэйшых сясцёр прымае ўдзел у мастацкай самадзейнасці мясцовага Дома культуры.
А ў студзені мінулага года да сям’і Насевіч прыйшло двайное шчасце — нарадзіліся Ірына і Аліна. Дзяўчынкі растуць вельмі актыўнымі і цікаўнымі. Таму Таццяна аформіла паслугу сацыяльнай няні, і Алеся Ганчар дапамагае шматдзетнай маці ў доглядзе двайнят.
Да дэкрэтнага Таццяна працавала настаўніцай біялогіі ў школе і мае добры вопыт выхавання дзяцей. Захапляецца кветкамі. Дома на вокнах мноства архідэй, вясной на вуліцы раскашуюць каля 50 відаў цюльпанаў. Летам двор патанае ў рознакаляровых лілеях. Ёсць у гаспадыні яшчэ адно захапленне — фатаграфія.
— Ваня працуе ў Варапаеўскай дыстанцыі пуці. У яго залатыя рукі! Выдатны майстар па рамонце машын. І не толькі. Сам дабудаваў другі паверх у доме для старэйшых дзяўчынак, — расказвае Таццяна. — Аформіў індывідуальнае прадпрымальніцтва. У вольны час аказвае прыватныя паслугі. На першым месцы ў мужа стаіць чалавек, таму ён імкнецца рабіць людзям дабро.
Насевічы — глыбокаверуючыя. Сваіх дачушак выхоўваюць на ўласным прыкладзе. Імкнуцца даць добрую адукацыю, выгадаваць годнымі людзьмі.
Іван і Таццяна актыўна ўдзельнічаюць ў грамадскім жыцці. Яны — неаднаразовыя прызёры конкурсу сямейнай мастацкай самадзейнасці. У 2013 годзе сталі пераможцамі раённага спаборніцтва «Майстры вёскі». З гэтай нагоды былі галоўнымі гасцямі свята ў раённым Доме культуры. А Пастаўскае тэлебачанне падрыхтавала рэпартаж пра іх.
— Часам стамлюся ці дрэнна сябе адчуваю… А прыйдуць дзеці, абдымуць, пацалуюць — і становіцца лягчэй. Вось яно, сапраўднае шчасце, — падсумавала Таццяна.
Святлана Шафаровіч
Фота з архіва сям’і Насевіч