І падарунак, і пачастунак
Гаворка ідзе пра пернікі ў выглядзе яйка, якія напярэдадні Вялікадня ў вялікай колькасці выпеклі ў варапаеўскай парафіі. Дзякуючы старанням законнай сястры Марыяны Гроць і мясцовай моладзі на святочным стале вернікаў з розных куточкаў Пастаўшчыны будуць арыгінальныя і смачныя кулінарныя вырабы.
Мы прыехалі ў Варапаева літаральна за некалькі дзён да Вялікадня. Да гэтага часу ўсе пернікі былі выпечаны і ўпрыгожаны, заставалася ўнесці апошнія штрыхі па афармленні салодкіх сувеніраў. З гэтай мэтай у вучэбным класе пры касцёле сабраліся самыя актыўныя памочнікі сястры — вучаніца 10 класа Варапаеўскай СШ Дзіяна Даўгель, першакурснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Андрэй Малатоўнік і навучэнка Наваполацкага музычнага каледжа Крысціна Багушэвіч.

— Ідэя выпякаць святочныя пернікі ў мяне ўзнікла зусім нядаўна — напярэдадні каталіцкіх Каляд, — гаварыла Марыяна Гроць. — Рабіць з моладдзю розныя творчыя вырабы мяне натхнілі «калегі» з Польшчы. Вырашыла арганізаваць штосьці падобнае ў Варапаеве. Спынілася на выпечцы: гэта маё вялікае захапленне яшчэ з дзяцінства, нейкі час нават марыла стаць кандытарам.
За аснову сястра Марыяна ўзяла польскі рэцэпт пернікаў. У састаў цеста ўваходзяць 8 розных прыпраў (імбір, карыца, гваздзіка і іншыя), а таксама вялікая колькасць мёду. Дзякуючы гэтаму прысмакі могуць доўга захоўвацца і пры гэтым не страчваюць сваіх смакавых якасцей.
Напярэдадні свята Божага Нараджэння было зроблена каля трох соцень сувенірных каробачак з пернікамі ў выглядзе зорачак, снегавікоў, сняжынак… Прадавалі іх у касцёлах у Варапаеве і ў Паставах. Небанальныя ды яшчэ і вельмі смачныя сувеніры разышліся сярод вернікаў як гарачыя піражкі. Заробленыя грошы падзялілі на дзве часткі. Адна з іх пайшла на пакупку сінтэзатара (моладзь пры касцёле мела ў ім патрэбу), другую патрацілі на эскурсійную паездку ў Мінск.
Да вырабу велікодных салодкіх сувеніраў прыступілі за два тыдні да свята.
— Абавязкі падзялілі. Я займалася непасрэдна выпечкай, школьнікі і моладзь (усяго 10 чалавек) размалёўвалі іх і ўпакоўвалі, — працягвала сястра Марыяна. — Святочных пернікаў у выніку атрымалася каля 600. У Вербную нядзелю прадавалі іх у пастаўскім касцёле. Было вельмі прыемна, калі да нас падыходзілі парафіяне і казалі: «Мы ў вас на Каляды бралі пернікі і цяпер хочам купіць, бо вельмі спадабаліся». Гэта натхняе.
Сястра Марыяна (дарэчы, ураджэнка Гуты) у варапаеўскай парафіі служыць ўжо трынаццаты год. У работу з дзецьмі і моладдзю, іх рэлігійнае выхаванне яна ўкладвае шмат душэўных і фізічных сіл. Дапамагае ў гэтым яшчэ адна законная сястра варапаеўскага касцёла — Таццяна Данч. Ва ўсіх сваіх справах яны адчуваюць падтрымку мясцовага ксяндза Ежы Вілька.
Кожную нядзелю вечарам у касцёле ў Варапаеве ладзіцца святая Імша для моладзі. Пасля яе ўсе ахвотныя збіраюцца ў вучэбным класе, дзе можна пагуляць у настольныя гульні, пагаварыць за кубкам гарбаты, паспяваць пад гітару хрысціянскія песні. А таксама абмеркаваць новыя творчыя ідэі, якія, як паказвае практыка, не так і складана ўвасобіць у жыццё…
Іна Сняжкова
Фота Іны Сняжковай
Видео Натальи Налей