Верная Лайма и оптимизм не дают скучать долгожительнице Генавефе Козадаевой

Общество

Сіл дадаваў аптымізм

Жыхарка райцэнтра Генавэфа Рыгораўна Казадаева завяршае 94-ы год. Падводзяць слых і зрок, баляць ногі. Бадай, толькі аптымізм застаўся ранейшым. Ён і трымае ў жыцці.

Адрас доўгажыхаркі падказала яе пляменніца Ванда Дашчынская. З ёй і завіталі ў дом. Гаспадыня сустрэла з аховай — трымаючы на павадку прыгожага пародзістага сабаку.

— Не бойцеся! Не бойцеся, — супакоіла. — Гэта мая сяброўка Лайма. Усё разумее, толькі гаварыць не ўмее. Мне з ёй весялей.

Сапраўды, сабака не падаў голасу на працягу ўсёй нашай доўгай размовы. А расказаць Генавэфе Рыгораўне было што. Уразіла памяць бабулі. Мінула столькі дзесяцігоддзяў, а яна дакладна памятае ўсе даты і падзеі. Падрабязна апавядала, як расла ў вёсцы Інтока на Пастаўшчыне ў мнагадзетнай сям’і, босая па марозе бегала за 3 кіламетры ў школу, як прыйшлі акупанты і прымушалі капаць супрацьтанкавыя траншэі, як пасля вайны за 12 кіламетраў хадзіла ў Паставы па хлеб і кожны раз прыносіла яго на ўсю вялікую сям’ю — ажно 12 боханаў.

Найярчэйшая старонка, безу­моўна, — дзявоцтва. «Была я бойкай, удалай, любіла спяваць. Спявала ў касцельным хоры ў Гадуцішках, выступала на сцэне, — расказвала. — Вакол мяне заўсёды гуртавалася моладзь. Дзе я, там пастаянна былі смех, жарты, песні. На танцах кавалеры запрашалі наперабой. Пад канец вечарыны стамлялася так, што прыходзілася хавацца ад іх. Завадной была, але дзявочы гонар берагла. У той час мы і падумаць не маглі, каб саграшыць з хлопцам — бацькі пазабівалі б нас».

Генавэфа Рыгораўна Казадаева бавіць час з адданай ёй Лаймай

А вось кім марыла стаць вясковая дзяўчынка, ні за што не здагадаецеся. Лётчыкам! «І стала б, — сцвярджае Рыгораўна. — Я не толькі ніякай працы не баялася, але і да вучобы была здатная, здароўе мела моцнае. Так што магла б вывучыцца на лётчыка, ды вайна перакрэсліла маю мару».

Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў Генавэфа сустрэла свайго суджанага. Былы франтавы афіцэр Дзмітрый Казадаеў застаўся працаваць у Пастаўскім райваенкамаце. Яна на той час з’яўлялася сакратаром Свілельскага сельскага Савета. Па службовых стасунках і пазнаёміліся. Замуж выйшла рана — як толькі споўнілася 18. У шлюбе пражылі 55 гадоў. 20 гадоў назад аўдавела. «Я цаніла і паважала мужа, і ён ні разу не пакрыўдзіў мяне ні словам, ні ўчынкам, — успамінала. — Вельмі любіў дзяцей і заўсёды клапаціўся пра іх. У яго магла б скласціся добрая кар’ера: хацелі забраць у абкам партыі, але не прайшоў праверку з-за таго, што мой бацька падчас вайны быў вывезены ў Германію».           

Дзмітрый працаваў у савеце па калгасах, аграномам, начальнікам аэрапорта, дырэктарам гарпаліўзбыту, на іншых пасадах. Усюды яго паважалі. Генавэфа, пасля таго як пабудавалі дом і пераехалі на месца жыхарства ў Паставы, уладкавалася ў швейны цэх райбыткамбіната, дзе і адпрацавала амаль 3 дзесяцігоддзі, яшчэ некалькі гадоў — у цэху рытульных паслуг.

Казадаевы нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей. На жаль, старэйшая дачка, Зоя, памерла, калі ёй было ўсяго 20. Ангіна дала ўскладненне на ныркі, і медыкі не змаглі выратаваць дзяўчыну. Сярэдні сын, Юра, жыве з сям’ёй у Гомелі, малодшы, Андрэй, — з маці і жонкай — у бацькоўскай хаце. У яго ўмелыя рукі, у доме зроблены сучасны рамонт.

 — А хочаце, раскажу вам свой верш? — прапанавала гаспадыня, калі мы ўжо сабраліся развітвацца.

Ну як было адмовіць? Аказаўся не верш, а доўгая гумарыстычная паэма пра каханне Сцяпана і Таццяны, якую аўтар прадэкламавала са сцэнічнай інтанацыяй і без адзінай запінкі. Затым гэтак жа складна і бойка прагучала з яе вуснаў яшчэ некалькі вершаў. Заставалася толькі пазайздросціць памяці і артыстычнасці доўгажыхаркі.

Здавалася, Генавэфе Рыгораўне нічога не баліць і нішто яе не турбуе. Але гэта не так. «Зараз у мяне шмат бяссонных начэй, — прызналася яна. — Тады ў думках па ўсіх сваіх ранейшых сцежках прайду, усю работу перараблю, усе песні пераспяваю і вершы паперасказваю. А днём памалюся, паем, пагляджу тэлевізар, пагавару з сынам і нявесткай — вось і ўсе мае справы. Аднак хутка вясна. Буду выходзіць на вуліцу цешыцца сонейкам».

Пажадаем, каб не толькі яно радавала і сагравала бабулю.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.