Волевая — так можно охарактеризовать 89-летнюю Евгению Яновну Антух из деревни Забродье

Общество

Па дарозе да яе ўяўляла, што ўбачу нямоглую жанчыну, магчыма, з кійком. Пастукала ў дзверы — не адчынілі. Адышоўшы ад веснічак, каля адной з пабудоў заўважыла гаспадыню. Яна рупна перакладвала дровы з тачкі ў склад. Убачыўшы мяне, бадзёра заспяшалася насустрач.

— Добра, што сёлета зіма лёгкая, можна нечым займацца на панадворку, — гаварыла Яўгенія Антух. — Я ж не магу без работы. А вязаць надакучае. Ды і колькі тых рукавіц ды шкарпэтак трэба! У зямлі капацца — весялей. Паглядзіце, які вялікі зямельны ўчастак, дзве сучасныя цяпліцы, кветнікі. Вядома, не з усім спраўляюся сама, сын з нявесткай шмат робяць, але і я стараюся быць карыснай.

Перажыла ваеннае ліхалецце, голад у 1946-м, калектывізацыю, калі за работу атрымлівала мізер. Працавітасць ёй перадалася ад бацькоў. Ды і песціць не было каму — бацька загінуў на фронце, выхоўвалі маці і бабуля. Можа, таму Геня (так звалі яе ў вёсцы) і замуж рана пайшла — хацела, каб быў гаспадар, які б цяжкую работу на свае плечы браў. Эдмунда ведала са школьнай парты. Нялёгка жылося і яму: маці маладой памерла, бацька прывёў мачаху. Сышліся двое гаротнікаў, думала, шчаслівымі будуць. Аднак яе Эдмусь (так называла мужа) хутка падаўся па вярбоўцы ў Карэлію, а яна з малой дачушкай зноў засталася за галоўную. Янінку дапамагала выхоўваць маці, Геня ж працавала даяркай на шчоткаўскай ферме калгаса «Кастрычнік». Дабівалася высокіх надояў, атрымлівала па­дзякі і граматы.

Цяжкасці не палохалі Яўгенію Янаўну Антух

— Муж клікаў да сябе, — успамінала. — Угаварыла маму, каб адпусціла. Узяла водпуск і рушыла ў далёкую дарогу. Каб не марнаваць там час, уладкавалася на работу. Эдмусь пілаваў дрэвы, я абсякала галлё. Маё старанне адразу заўважыла кіраўніцтва, прапанавала там застацца. Ды мужа на 3 гады прызвалі на тэрміновую службу, і я вярнулася дадому.

Эдмунд адразу пісаў цёплыя пісьмы. Потым яны сталі прыходзіць радзей і радзей. А дзесьці праз год перапіска спынілася. Яўгенія не ведала, што і думаць. Аднавясковец, які служыў разам з ім, расказаў, што яе муж мае іншую жанчыну. Праз усесаюзны пошук Эдмунда Зубовіча знайшлі ў Аленягорску. Тады Геня афіцыйна падала на развод і аліменты. Яшчэ больш стала працаваць, каб атрымліваць добрую зарплату, прэміі. Нягледзячы на тое, што мела дачку, заставалася для многіх хлопцаў жаданай нявестай. Але не западалі ў сэрца жаніхі.

Дачка вырасла, пакахала мясцовага хлопца і выйшла замуж, нарадзілася двое дзетак. Неяк сястра Яўгеніі прапанавала ёй пазнаёміцца з мужчынам з Заброддзя. Анатоль Антух быў прыстойным чалавекам. Яны спадабаліся адно аднаму. Але пражыўшы 18 гадоў адна, яна доўга не магла рашыцца на замуства. Тады Анатоль прыехаў да яе і сказаў, што не пакіне хату, пакуль тая не дасць згоду стаць яго жонкай. Так і апынулася ў Заброддзі, уладкавалася паштальёнам. У 43 гады нарадзіла сына. Праз некаторы час угаварыла дачку пераехаць са Шчотак у Хацілы, каб быць бліжэй адна да адной. А сын з сям’ёй жыве і працуе ў Паставах.

— Я вельмі багатая: у мяне 5 унукаў, 10 праўнукаў і 3 прапраўнукі, — ґаварыла Яўгенія Янаўна. — І на здароўе не наракаю. Летам у касцёл у Паставы на веласіпедзе ездзіла. Цяпер праўнук на машыне возіць. Старасць і нямогласць прыходзяць да таго, хто іх баіцца. А я працую і не баюся. Да нядаўняга часу трымала карову. Каб прасцей было нарыхтоўваць сена, то, можа, і не збывала б. Леташнюю зіму жыла ў дачкі ў Хацілах, сёлета засталася ў сваёй хаце. Сын распачаў тут капітальны рамонт: ваду правёў, качагарку абсталяваў, збіраецца зрабіць санвузел. Хутка буду з выгодамі. А перажытае — як дрэнны сон. Дзякуй Богу, што даваў сілы і мудрасць з усім спраўляцца.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.