За невыкананне патрабаванняў – штраф або арышт
Для паспяховай барацьбы з каранавірусам вялікае значэнне мае прадухіленне яго завозу і распаўсюджвання на тэрыторыі нашай рэспублікі. Гэта рэгламентуюць дзве пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь — №171 «Аб мерах па прадухіленні завозу і распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19» ад 25 сакавіка 2020 года і №208 «Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства» ад 8 красавіка 2020 года.
Дадзеныя нарматыўныя акты вызначаюць парадак знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь асоб, якія прыбылі з краін, дзе рэгіструюцца выпадкі інфекцыі COVID-19, пералік асоб, якія падлягаюць самаізаляцыі, парадак і ўмовы знаходжання ў ёй, а таксама меры адказнасці за парушэнне ўстаноўленых патрабаванняў. У адпаведнасці з імі, самаізаляцыі падлягаюць асобы, якія маюць інфекцыю COVID-19, адносяцца да кантактаў першага і другога ўзроўняў, і ўсе, хто прыбывае ў нашу краіну з-за мяжы. Сярод іх — вадзіцелі, якія выконваюць міжнародныя аўтамабільныя перавозкі грузаў.
Падчас самаізаляцыі, якая доўжыцца, як правіла, 14 каляндарных дзён, грамадзяне абавязаны не пакідаць месцы свайго пражывання (знаходжання), за выключэннем выпадкаў крайняй неабходнасці — наведвання размешчаных паблізу прадуктовых магазінаў або аптэк і вынасу смецця. Выходзячы з жылога памяшкання, яны павінны надзяваць ахоўную маску і не дапускаць кантактаў з іншымі асобамі. А пры пагаршэнні здароўя (павышэнні тэмпературы цела да 37 і больш градусаў, з’яўленні кашлю, задышкі) — звярнуцца ў хуткую медыцынскую дапамогу па тэлефоне 103 або адправіўшы SMS-паведамленне з інфармацыяй у тым ліку пра знаходжанне ў самаізаляцыі.
Кантроль за выкананнем пералічаных вышэй патрабаванняў ускладзены ў тым ліку на органы ўнутраных спраў. Парушэнне ўстаноўленых абмежаванняў цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць па артыкуле 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь у выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
Аляксандр Мядзелка, намеснік начальніка АУС райвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі