Каб жыла памяць пра брата…
1 ліпеня гэтага года споўніцца 60 гадоў з дня фарміравання 32-й ракетнай Херсонскай Чырванасцяжнай дывізіі імені Маршала Савецкага Саюза Д. Ф. Усцінава. На працягу больш чым трох дзясяткаў гадоў цэнтрам яе дыслакацыі быў наш райцэнтр.
Да знакавага юбілею пастаўскія ветэраны-ракетчыкі рыхтуюцца ўжо сёння: прадумваюць праграму ўрачыстасці, вядуць перапіску з былымі саслужыўцамі, многія з якіх жывуць у Расіі і іншых краінах былога Саюза. Аднак часам весткі прыходзяць адтуль, адкуль іх зусім не чакаеш
Зінаіда Міронава ў Паставах жыве з 1964 года. Спачатку працавала ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама, у гарсавеце. 25 гадоў узначальвала паліўны аддзел гарвыканкама, на гэтай адказнай пасадзе праявіла сябе як надзейны, адказны, мудры кіраўнік.
Зінаіду Уладзіміраўну з Нарачы ў Паставы пераманіў родны брат Уладзімір Чарняўскі, які быў прызваны сюды на службу напярэдадні стварэння 32-й ракетнай дывізіі. На працягу чатырох гадоў, з 1960-га па 1964-ты, ён з’яўляўся ў ёй сакратаром камсамольскай арганізацыі. Будучы ўраджэнцам нарачанскага краю, моцна палюбіў Паставы і пераканаў сястру, што тут будзе «цікавей і весялей».
Самога ж Уладзіміра Чарняўскага хутка перавялі на службу за тысячы кіламетраў ад райцэнтра — у Даурыю, што ў Забайкаллі. Чарговымі «прыпынкамі» сталі Гомельшчына, Новасібірск, Мінск…
— Мой брат скончыў спачатку Ленінградскае артылерыйскае вучылішча, а пасля — ваенна-палітычную акадэмію ў Маскве, — расказвала Зінаіда Міронава. — Абараніў дысертацыю, стаў дацэнтам, кандыдатам філасофскіх навук. Службу заканчваў у званні палкоўніка. Пасля выхаду на пенсію паехаў жыць у Мядзел — даглядаў маму. Яго аддушынай заўжды былі дзеці, якіх любіў і якімі ганарыўся. Дачка таксама дасягнула поспехаў у навуцы: стала кандыдатам фізіка-матэматычных навук. Добрая адукацыя і ў сына. Валодзі не стала ў 2013-м, памёр ва ўзросце 77-мі гадоў… Пякельны боль ад расстання жыве ў ва мне і сёння. Я яго часта ўспамінаю і пры гэтым ніколі не магу стрымаць слёз.
У Зінаіды Уладзіміраўны захавалася нямала фатаграфій і рэчаў, звязаных з жыццём брата. Некаторыя з іх жанчына перадала ў музей 5-га ваеннага гарадка, які паўгода назад адкрыўся на базе СШ №4.
— Неяк пасля смерці Валодзі перабірала яго асабістыя рэчы і знайшла сярод іх газету «Комсомольская правда» за 9 мая 1945 года, — працягвала аповед. — Хіба часта сёння такія экзэмпляры ў рукі трапляюцца? Вырашыла, што гэтаму знакаваму нумару месца якраз у музеі. Перадала туды і братаў наручны гадзіннік, падораны яму на адным з ваенных парадаў першым намеснікам міністра абароны СССР Канстанцінам Качатковым. Дома ў мяне ляжала і Валодзіна кандыдацкая дысертацыя, яе таксама аддала ў распараджэнне музея.
Яго кіраўнік Наталія Федаровіч такім знаёмствам шчыра радая. Яна даўно вядзе вялікую работу над сацыяльным праектам «Ствараем гісторыю разам». На яго сайце настаўніца перыядычна публікуе артыкулы, аб’яднаныя тэмай «Людзі і лёсы». Усе яны прысвечаны тым, чый жыццёвы шлях звязаны з 32-й ракетнай дывізіяй.
— Спачатку напісала пра маму, якая адслужыла там 24 гады, — расказвала Наталія Федаровіч. — Затым зацікавілася лёсамі нашых пастаўскіх ветэранаў. Праз інтэрнэт на сувязь пачалі выходзіць дзеці былых вайскоўцаў, якіх, на жаль, ужо няма ў жывых. Так па крупінках і збіраецца матэрыял. Я вельмі ўдзячная Зінаідзе Міронавай за тое, што яна праз многія гады звязалася з намі, расказала пра Уладзіміра Чарняўскага. Ён быў адным з першых вайскоўцаў, якія заступілі на службу ў толькі што створаную ракетную дывізію. Яго прафесійны шлях узорны і шмат у чым паказальны. Уладзімір Уладзіміравіч варты таго, каб яго імя ў сценах музея гучала пастаянна.
За гады існавання ракетнай дывізіі Паставы сталі дарагім сэрцу горадам для тысяч афіцэраў і салдат. Многія і сёння берагуць памяць пра гады, праведзеныя тут. І гаворка не толькі пра ўспаміны.
— Не так даўно мне пашчасціла пагаварыць па тэлефоне яшчэ з адным ветэранам — Генадзіем Жуком, — гаварыла Наталія Вітальеўна. — Ён жыве ў Віцебску, яму 83 гады. З часоў воінскай службы ў яго захавалася 16 фотаальбомаў, некаторыя з іх прысвечаны менавіта Паставам. Пра наш райцэнтр Генадзій Вітальевіч памятае вельмі многае (дарэчы, тут вучыліся дзве яго дачкі), і я мару ў самы хуткі час з ім сустрэцца. Хоць і прайшло шмат гадоў з моманту расфарміравання дывізіі, далёка не ўсе яе найцікавейшыя старонкі даступныя шырокай аўдыторыі. І пакуль з намі сведкі тых падзей, трэба сітуацыю выпраўляць.
Іна Сняжкова
Фота з архіва Зінаіды Міронавай и музея СШ №4