Каб не дапусціць пажараў
25—28 красавіка работнікі Пастаўскага РАНС правялі чарговыя рэйдавыя мерапрыемствы ў раёне.
На працягу чатырох выхадных дзён ратаўнікі пабывалі ў 89 сельскіх населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў. Абследавалі 43 прыдамавыя тэрыторыі і дачныя ўчасткі, выявіўшы 18 фактаў нездавальняючага ўтрымання апошніх, 2 безгаспадарчыя і 32 пакінутыя будынкі і збудаванні. Праінструктавалі 70 чалавек аб неабходнасці строгага захавання мер пажарнай бяспекі.
— Гутарачы з людзьмі, мы нагадвалі ім асноўныя правілы пры раскладанні вогнішчаў, гаварылі пра забарону выпальвання сухой расліннасці і адказнасць у выпадку яе парушэння, уручалі тэматычныя лістоўкі. Таксама фатаграфавалі закінутыя дамы і надворныя пабудовы, тэрыторыі, якія ўтрымліваюцца ў нездавальняючым стане, каб потым прад’явіць фотаздымкі ўласнікам і запатрабаваць ад іх прыняць меры па навядзенні парадку на зямлі, — гаварыў начальнік РАНС Аляксей Кісель.
Разам з пажарнымі з горада працавалі і работнікі падраздзяленняў райаддзела па надзвычайных сітуацыях, размешчаных у Варапаеве, Лынтупах і Парыжы. Яны праехалі на пажарных аўтацыстэрнах па названых населеных пунктах, інфармуючы жыхароў праз гучнагаварыцель пра недапушчэнне выпальвання сухой расліннасці і прадугледжаную за гэта адміністрацыйную адказнасць. Усяго ў прафілактычных мерапрыемствах былі задзейнічаны 13 чалавек.
Алена Шапавалава