75 лет Победы: Марии Волк из д. Норица до сих пор часто снятся лагерь и немецкая вышка

75 лет Победы

Дзяцінства абпаліла вайна

Жыхарка вёскі Норыца Марыя Волк — адна з тых, праз чый лёс прайшла Вялікая Айчынная. Яе выпрабаванні зведала маленькай дзяўчынкай, назаўсёды захаваўшы іх у памяці.

Марыя Іванаўна нарадзілася ў 1937 годзе на Браншчыне. Яе родная вёска Дзянісаўка была вялікай, у 300 дамоў. Але ўжо восенню 1941-га немцы спалілі амаль усю, застаўся толькі засценак у 20 хат. Жыхароў сабралі і пагналі ў райцэнтр, дзе тыя вымушаны былі зімаваць, перажыць і голад, і холад. Тады ад шкарлятыны памерла малодшая сястра жанчыны.

Вясной, калі савецкія войскі змаглі даць адпор гітлераўцам пад Масквой і часткова вызваліць Бранскую вобласць, пагарэльцы вярнуліся ў Дзянісаўку. Пасяліліся, хто дзе мог: у выкапаных зямлянках, уцалелых скляпах. Але неўзабаве лінія фронту зноў змясцілася на паўночны ўсход, і вёску занялі немцы. Летам 1943 года яны звезлі мірнае насельніцтва ў лес. Навошта гэта рабілі, Марыя Іванаўна не ведае. Памятае толькі, што з аднаго боку былі нашы салдаты, з другога — партызаны, а з трэцяга — гітлераўцы, і над галовамі жанчын, дзяцей і старых адзін за адным праляталі снарады.

Марыя Волк перабірае здымкі часоў свайго дзяцінства і маладосці

— Пасля таго бою немцы выгналі нас на паляну і абставілі кулямётамі, — расказвае яна. — 70-гадовы дзядуля, падумаўшы, што будуць расстрэльваць, абняў усіх родных: бабулю, маму, мяне з малодшым братам, маю цётку з двума сынамі — і стаў развітвацца. Да яго падышоў паліцай і супакоіў: «Вас не расстраляюць, а пагоняць у лагер, а потым павязуць у Беларусь».

Так і атрымалася. Вяскоўцаў прыгналі да чыгуначнай станцыі Локаць, побач з якой была абнесеная калючым дротам тэрыторыя. На ёй знаходзілася вышка і дзяжурылі немцы, а таксама былая калгасная канюшня, дзе зняволеныя начавалі. Днём некаторых з іх вазілі на работу. Напрыклад, два стрыечныя браты Марыі Волк ездзілі пасвіць кароў. Кармілі лю­дзей дрэнна, учыняючы розныя здзекі.

— Бывала, навараць вялікую каструлю бульбы, прынясуць у канюшню, высыплюць на гной і глядзяць: хто пачынае хапаць — б’юць бізунамі па руках, — успамінае пенсіянерка. — Аднаго разу хлопчык, старэйшы за мяне, узяў дзве бульбінкі ў рукі, а немец падняў яго за каўнер уверх. Маці, убачыўшы гэта, спужалася, што заб’е, і абамлела. Тады фашыст апусціў хлопца на зямлю.

Праз некаторы час гітлераўцы выбралі сярод зняволеных мацнейшых старых (сярод іх аказаўся і дзядуля Марыі Іванаўны), маладых дзяўчат і жанчын без дзяцей і адправілі на работу ў Польшчу. Астатніх пагрузілі, як жывёлу, у таварныя вагоны з надпісам «Рабочая сіла, партызаны» і павезлі ў Беларусь. Каб не памерлі па дарозе, на паўстанках набіралі вядро вады і кідалі ў вагон бохан хлеба. Калі ў Паставах мясцовыя гітлераўцы адкрылі вагоны і ўбачылі гэту рабочую сілу, загадалі адвезці ўсіх у Варапаева, каб там вяскоўцы разабралі іх па вёсках. Так Марыя Іванаўна з роднымі трапіла ў Казароўшчыну. Жылі ў беларускай сям’і, дапамагалі ёй па гаспадарцы. А пасля таго, як немцы спалілі Казароўшчыну, помсцячы за падрыў чыгункі ў Варапаеве, гаспадар перавёз усіх дамачадцаў да сваёй радні на Глыбоччыну. Там і сустрэлі вызваленне Беларусі.

Вяртацца пасля Перамогі дамоў, на Браншчыну, маці Марыі Іванаўны не стала: хаты няма, муж загінуў на фронце. Неўзабаве яна зноў выйшла замуж і нарадзіла яшчэ чацвярых дзяцей. Марыя, вырасшы, стварыла сям’ю з хлопцам з Крывога. Спачатку жылі там, а калі сын і дачка пайшлі ў школу, пераехалі ў Норыцу. Тут жанчына ўладкавалася на спіртзавод, дзе адпрацавала да пенсіі.

Жыццё не песціла яе і пасля вайны. Пахавала спачатку аднаго, а потым другога мужа. Некалькі гадоў назад не стала сына. Цяпер галоўная апора і дапамога — дачка з зяцем, якія жывуць у гэтай жа вёсцы. Найбольшая радасць — пяцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў, што таксама не забываюць бабулю. Але Марыя Іванаўна стараецца не дакучаць ім сваімі просьбамі. Па магчымасці сама спраўляецца з гаспадаркай (трымае трох коз, ката і сабаку), даглядае невялікі агарод, прыбірае ў хаце. Вольным часам любіць перабіраць старыя фотаздымкі. Разглядаючы іх, успамінае сваё абпаленае вайной дзяцінства. Нярэдка сніцца лагер і нямецкая вышка, як маці накрывае іх з братам сваім целам ад снарадаў. Але ўсё часцей у сне робіць гэта сама, захінаючы дзяцей і ўнукаў.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.