Гучаць матывы Перамогі ў малюнках навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера.
Да тэмы Вялікай Айчыннай вайны вучні мастацкай школы звяртаюцца штогод. У навучальнай установе з гэтых работ нават створаны спецыяльны архіў, які час ад часу папаўняецца цікавымі творчымі знаходкамі. Убачыць іх можна на выставах у розных установах райцэнтра, якія ладзяцца да 9 Мая, а таксама падчас свята на плошчы Леніна ў райцэнтры. Выкананыя ў розных тэхніках, малюнкі заўжды прыцягваюць увагу вялікай аўдыторыі.
— Настаўнікі нашай школы з найвялікшай павагай ставяцца да подзвігу народа-вызваліцеля. Гэту думку пазіцыянуем і сярод сваіх вучняў. Радуе, што многім з іх гонар за продкаў і любоў да Дня Перамогі прывітыя ў сям’і і агульнаадукацыйнай школе, — расказвала дырэктар ДШМ імя А. Ромера Жанна Курдо. — Дзеці заўсёды з задавальненнем малююць на ваенную тэму, у тым ліку і каляровай крэйдай на асфальце падчас святкавання 9 Мая. А сёлета некалькі выпускнікоў школы тэмай дыпломнай работы выбралі Вялікую Перамогу.
Сюжэты, адлюстраваныя на ватманах, розныя. Гэта кровапралітныя баі, невыноснае жыццё ў канцлагеры, усеагульная радасць сустрэчы франтавікоў-пераможцаў, нашчадкі ля помнікаў і абеліскаў загінулым… Нязменнае ў малюнках адно — усведамленне пакут, якія перанёс наш народ падчас вайны.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара