Больше двадцати 200-литровых пакетов мусора собрали волонтеры на берегах озер и реки Мяделка в Поставах

Важное Экология

Берагі чыстыя. Але ці надоўга?

Пачынаючы з 2014 года ў Беларусі ладзіцца вясенняя акцыя «Чысты вадаём». Яе арганізатарам з’яўляецца Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Штогод яго супрацоўнікі, а таксама прадстаўнікі іншых арганізацый ачышчаюць каля тысячы кіламетраў берагавой лініі вадаёмаў па ўсёй краіне.

Сёлета акцыя праводзілася з 18 па 24 мая. Як заўжды, да яе актыўна далучылася Пастаўская раённая арганізацыйная структура Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

— У гэтым годзе, як і ў мінулыя, мы збіралі смецце ўздоўж ракі Мядзелкі, азёр Белае і Задзеўскае (з боку вуліцы Ціхай у райцэнтры), — расказаў дырэктар Пастаўскай РАС БТПР Дзімітрый Крук. — Штодзень на ачыстку берагавой лініі выходзіла ад 8 да 16 чалавек. Сярод іх былі не толькі штатныя работнікі нашай раённай арганізацыйнай структуры. Сёлета ўпершыню сваю дапамогу прапанавалі прадстаўнікі аддзела ўнутраных спраў Пастаўскага райвыканкама, аддзела спорту і турызму, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Як і раней, нашу ініцыятыву падтрымалі паляўнічыя і проста нераўнадушныя да праблем экалогіі жыхары горада.


У цэлым па Беларусі берагі рэк і азёр становяцца чысцейшымі. Пра гэта сведчыць статыстыка: у 2016 годзе на адзін кіламетр берагавой лініі прыходзілася ў сярэднім 0, 83 кубаметра смецця, у мінулым — 0, 63.


Агульнымі намаганнямі ўдалося ачысціць 3,6 кіламетра берагавой лініі. Сабрана каля 4,5 кубаметра смецця — а гэта больш за дваццаць 200-літровых полі­этыленавых пакетаў.

— Кожны з іх напаўняўся літаральна за гадзіну-паўтары, — канстатаваў Дзімітрый Мікалаевіч. — Куды ні ступі — безліч шкла, пластыку і нават пакетаў са смеццем. І гэта, на жаль, ужо традыцыя. З году з год мы ачышчаем адну і тую ж тэрыторыю, і сказаць, што людзі сталі часцей за сабой прыбіраць, нельга. Асабліва брудны бераг возера Задзеўскае з боку вуліцы Ціхай. Устаноўка там смеццевых кантэйнераў значна палепшыла б сітуацыю. Спа­дзяёмся, яе зменіць і тое, што ў месцах стыхійных звалак будуць устаноўлены фотапасткі — яны дапамогуць выяўляць нядобрасумленных грамадзян і прыцягваць іх да адміністрацыйнай адказнасці.

Надвор’е пакуль не радуе цеплынёй, адпачывальнікаў на берагах вадаёмаў няшмат. Як і смецця, якое некаторыя з іх вельмі любяць пасля сябе пакідаць. А значыць, вынікі акцыі «Чысты вадаём» пэўны час яшчэ будуць радаваць вока прыхільнікаў чысціні і парадку. Толькі ці надоўга? Гэта залежыць выключна ад саміх пастаўчан.

Іна Сняжкова
Фота даслана Пастаўскай РАС БТПР



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.