Вам даводзілася чытаць газеты, якім больш за паўстагоддзя?
Асабіста мне пашчасціла гартаць нумары, выдадзеныя 75 гадоў назад, прычым прысвечаныя Дню Перамогі. Адзін з іх, «Комсомольской правды» за 9 мая 1945 года, захоўваецца ў музеі 5-га ваеннага гарадка, створаным у СШ №4. Другі, «Правды» за 10 мая 1945-га, я знайшла ў сябе на дачы сярод прывезеных роднымі з Расіі газетных выразак. Таксама ў рэдакцыі «ПК» захаваліся два красавіцкія нумары раёнкі таго часу. Вось пра што пісалі названыя выданні.
Комсомольская правда
«Комсомольская правда» 9 мая 1945 года выйшла з вялікім агульным загалоўкам «С Великой Победой, товарищи!» і цытатай кіраўніка СССР Іосіфа Сталіна «Да здравствует великий советский народ, народ-победитель!». Тут жа, на першай старонцы, змешчаны акт аб ваеннай капітуляцыі Германскага Вярхоўнага Камандавання, падпісаны 8 мая ў Берліне, і Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб аб’яўленні 9 мая Святам Перамогі і нерабочым днём. Побач і на другой старонцы — загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Савецкага Саюза камандуючым войскаў 1-га, 2-га і 4-га Украінскіх франтоў і начальнікам іх штабоў аб аб’яўленні Падзякі і прадстаўленні да ўзнагароджання ордэнамі тых, хто найбольш вызначыўся ў баях.
Таксама ў нумары апублікавана заява міністра замежных спраў СССР В. М. Молатава на прэс-канферэнцыі ў Сан-Францыска, якая адбылася 7 мая і на якой ішла размова пра залажэнне асноў пасляваеннай арганізацыі міжнароднай бяспекі. Падаюцца аператыўная зводка за 8 мая і паведамленне Савецкага інфармбюро пра пераможнае наступленне савецкіх войскаў на розных участках фронту.
Афіцыйныя паведамленні дапаўняюць верш пра Перамогу Маргарыты Алігер «Утро земли» і артыкул невядомага аўтара «Исторический день, День Победы!», у якім услаўляюцца доблесная Чырвоная Армія, мужны савецкі народ і яго правадыр таварыш Сталін.
Правда
У многім падобны да «Комсомольской правды» святочны нумар галоўнага друкаванага выдання Савецкага Саюза — газеты «Правда» за 10 мая 1945 года. Адкрываецца ён зваротам І. В. Сталіна да народа. У ім, у прыватнасці, гаворыцца:
«Наступил великий день победы над Германией. Фашистская Германия, поставленная на колени Красной Армией и войсками наших союзников, признала себя побеждённой и объявила безоговорочную капитуляцию… Великие жертвы, принесённые нами во имя свободы и независимости нашей Родины, неисчислимые лишения и страдания, пережитые нашим народом в ходе войны, напряжённый труд в тылу и на фронте, отданный на алтарь Отечества, — не прошли даром и увенчались полной победой над врагом… Отныне над Европой будет развеваться великое знамя свободы народов и мира между народами».
Як і ў папярэднім выданні, друкуюцца загады Сталіна камандуючым войскаў 1-га Украінскага фронту і ў цэлым па войсках Чырвонай Арміі і ваенна-марскім флоце, аператыўная зводка за 9 мая. Прыводзяцца выступленні В. М. Молатава ў сувязі з перамогай у Другой сусветнай вайне, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У. Чэрчыля, прэзідэнта ЗША Г. Трумэна і французскага генерала дэ Голя, зварот англійскага караля да англійскага народа, заявы іншых высокіх асоб з нагоды капітуляцыі Германіі.
Цікава, што 9 мая 1945 года быў падпісаны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб заснаванні медаля «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», які з таго часу ўручаецца нашым ветэранам. Тэкст указа, палажэнне аб медалі, яго апісанне і фотаздымак былі змешчаны ў газеце. Увогуле, у святочнай «Правде» ў адрозненне ад «Комсомольской правды» шмат фотаздымкаў. На іх — Сталін, Чэрчыль, Трумэн, Рузвельт, усе савецкія военачальнікі і камандуючыя саюзных армій. Але самы цікавы і каштоўны — на якім занатаваны момант падпісання акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі.
Знайшлося ў газеце месца і лірыцы — пранікнёным вершам Сцяпана Шчыпачова «Солдат», Аляксея Суркова «Песня сердца», Дзям’яна Беднага «Праздник победы», Самуіла Маршака «Вечная слава», а таксама прозе Ільі Эрэнбурга і І. Рабава. Апошні аўтар у сваім артыкуле «Вчера в Москве» апісвае, як сталіца сустракала Перамогу:
«Как люди на Красной площади кричали «ура», качая трёх молодцов в матросских робах и танкиста со звездой Героя Советского Союза на гимнастёрке, как незнакомые люди обнимались и целовались друг с другом, как плакала от радости старая ткачиха с Трёхгорки, как сталевары с запавшими от бессонных ночей глазами проносили по площади на плечах своих мальчуганов, как забрасывали военных людей, этих героев праздника, подснежниками, — об этом коротко не расскажешь. Был богат и светел день Победы…»
Совецкі шлях (цяпер «Пастаўскі край»)
Перамогу набліжаў увесь савецкі народ, у тым ліку жыхары Пастаўшчыны, многія — сваёй самаадданай працай. Так, у красавіцкіх нумарах раённай газеты, якая тады называлася «Совецкі шлях», за 1945 год, акрамя зводак Савецкага інфармбюро і агляду ваенных дзеянняў на франтах, друкуюцца матэрыялы пра неабходнасць навядзення парадку ў горадзе і раёне, якія ўжо жылі мірным жыццём, важнасць своечасовага і якаснага правядзення веснавой сяўбы.
«Надышла вясна — гарачая пара сельскагаспадарчых работ, якая будзе рашаць поспех нашай барацьбы за атрыманне высокага ўраджаю — ураджаю перамогі, — пісала раёнка. — Кожны працаўнік соцыялістычнага земляробства павінен памятаць, што барацьба за ўраджай — барацьба за аднаўленне ўсёй народнай гаспадаркі. Чым больш паспяхова будзе праведзена падрыхтоўка, а галоўнае правядзенне сяўбы, тым большы ўраджай атрымаюць нашы калгасы і аднаасобныя гаспадаркі, тым хутчэй адродзім сваю гаспадарку, забяспечым далейшы яе рост» (арфаграфія і пунктуацыя захаваны).
У адным з нумароў змешчана справаздача з раённай канферэнцыі настаўнікаў па падвядзенні вынікаў работы школ за трэцюю вучэбную чвэрць і задачах на чацвёртую, а таксама зварот настаўнікаў Пастаўшчыны да Сталіна. У ім ёсць наступныя радкі:
«Вось ужо 9 месяцаў, як мы вызвалены з фашысцкай няволі. Мы настаўнікі, разам з усім народам, работаем над вастанаўленнем нашай гаспадаркі, культурна-асветных устаноў і па аказанню ўсямернай дапамогі фронту. За гэты перыяд вастаноўлена і работае 82 сярэдніх, няпоўна-сярэдніх і пачатковых школ, вастаноўлена 2 дзіцячыя дамы, работае 3 дамы соцкультуры, 19 хат-чытальняў, педвучылішча. Мы разумеем, што зроблена намі яшчэ вельмі мала. Мы не пашкадуем сіл, дарагі Іосіф Вісарыёнавіч, для яшчэ больш энергічнай работы па выхаванню маладога пакалення ў духу прэданасці нашай Радзіме і большэвіцкай партыі. Мы акружым іх клопатам і любоўю, выпусцім іх са школ усебакова развітымі, здаровымі людзьмі, здольнымі стаць на абарону Радзімы».
Зруйнаваная, знясіленая чатырма доўгімі гадамі акупацыі краіна адраджалася да мірнага жыцця…
Прэсу чытала Алена Шапавалава