Для Евгения Скридлевского ЗОЖ — это не только работа, а стиль жизни

Спорт

Насустрач эндарфінам бяжыць галоўны спецыяліст аддзела спорту і турызму райвыканкама Яўгеній Скрыдлеўскі.

Ён даўно заўважыў, што заняткі спортам  не толькі дазваляюць заставацца ў выдатнай форме, але і дораць гармоны радасці.

Цікавіцца спортам Яўгеній пачаў у пачатковых класах: падабалася спаборнічаць, радавалі вынікі і сам працэс. Потым было шмат спаборніцтваў і перамог у іх, якія, дарэчы, доўжацца і па сёння. Яўгеній заўсёды выступае за каманду Пастаўшчыны на вобласці, удзельнічае ў раённых кросах, турзлётах і іншых спартыўных мерапрыемствах. Асабліва прываблівае каралева спорту — лёгкая атлетыка. У прыватнасці, падабаецца бег на розныя дыстанцыі. У фаворы — кароткая.

— Пасля заканчэння СШ №3 вучыўся ў пастаўскім каледжы. Там і «выбегаў» трэці дарослы разрад па стометроўцы. Другі прысвоілі ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава, дзе вучыўся на факультэце фізічнай культуры і спорту, — расказваў Яўгеній Скрыдлеўскі. — Пасля заканчэння ВНУ па размеркаванні ўладкаваўся настаўнікам фізічнай культуры і спорту ў родную школу. Педагогі і вучні сустрэлі добра, ставіліся з павагай, я меў аўтарытэт.

Працаваць падабалася. У той жа час сутыкнуўся з тым, што не ўсе вучні ставіліся да прадмета сур’ёзна. Некаторыя былі ўпэўненыя, што, скажам, пасля ўрока матэматыкі ў спартзале можна паводзіць сябе як заўгодна. А паколькі «фізра» сама па сабе — дысцыпліна траўманебяспечная, то такія дзеянні вучняў патрабавалі павышанай пільнасці з боку настаўніка. Але гэта толькі нязначны нюанс. У цэлым знаходзіць агульную мову з дзецьмі і падлеткамі Яўгенію было лёгка, як ён лі­чыць, з-за невялікай розніцы ва ўзросце. Матываваць моладзь на вынік таксама атрымлівалася. Заўсёды даводзіў, што спорт і заняткі фізічнай культурай не выходзяць з моды ніколі. Апроч таго, яны вучаць пераадоль­ваць перашкоды, загартоўваюць характар, выпрацоўваюць унутраны стрыжань, вучаць ставіць мэты і дасягаць іх. Ну і, вядома, найлепшы стымул — асабісты прыклад. Гэты пастулат Яўгеній засвоіў яшчэ ў дзяцінстве: так да заняткаў фізкультурай яго за­ахвочваў бацька — браў з сабой у спартзалу АУС райвыканкама, разам з сынам займаўся на перакладзіне.

— Як правільна выконваць практыкаванні, я паказваў вучням сам: падцягваўся на перакладзіне, адціскаўся ад падлогі, бегаў, — узгадвае суразмоўца. — Напрыклад, аднойчы скокнуў з месца на 2,95 метра і паабяцаў паставіць дзясятку за год таму, хто паб’е мой рэкорд. Не змаглі (смяецца — аўт.).

Неаднойчы Яўгеній у якасці трэнера суправаджаў каманду раёна, у склад якой уваходзілі і яго вучні, на абласных спаборніцтвах. Кажа, перамогам пастаўчан радаваўся, як калісьці ўласным. Плюс, да гэтага драйву дадавалася ўсведамленне таго, што ты маеш да выніку непасрэднае дачыненне, бо рыхтаваў дзяцей.

На пасаду начальніка сектара спорту і турызму райвыканкама Яўгеній Скрыдлеўскі перайшоў з трэцяй школы ў кастрычніку мінулага года, а пасля ліквідацыі структуры быў назначаны галоўным спецыялістам аддзела спорту і турызму райвыканкама. Яго асноўныя абавязкі — папулярызацыя спорту і фізкультуры, аказанне паслуг у гэтай сферы, падрыхтоўка матэрыяльнай базы арганізацыі. Адаптацыя прайшла імгненна, бо і работа была знаёмай, і калектыў нібы родны: амаль усіх выдатна ведаў па спартыўных мерапрыемствах і працы па сумяшчальніцтве трэнерам па лёгкай атлетыцы ў ДЮСШ.

Быць прыкладам актыўнага ладу жыцця — не толькі службовы абавязак. Так, выключна для асалоды Яўгеній Скрыдлеўскі бегае па вечарах некалькі разоў на тыдзень, катаецца на веласіпе­дзе, ходзіць пешшу на працу з 6 гарадка на ФАК. Упэўнены, што знайсці сябе ў фізкультуры можа кожны, прычым у любым узросце. Галоўнае — выбраць той від спорту ці занятак, які будзе даспадобы.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.