ИП из Воропаева Александр Галяш за свои средства установил в Гуте памятник жертвам войны

75 лет Победы Важное

«Гэта – святая справа!» — гаворыць варапаеўскі індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Галяш, які за свае сродкі ўстанавіў у Гуце помнік ахвярам вайны.

Так зараз выглядае месца вечнага спачыну бязвінных ахвяр

Да Вялікай Айчыннай тут было паселішча Хардакова. Заснавалі яго два польскія асаднікі, якія ў 20-я гады мінулага стагоддзя атрымалі па валоцы зямлі і пабудавалі два вялікія дамы. У 1939-м, незадоўга да прыходу савецкай улады, яны з’ехалі. Пасля чаго абодва дамы былі падзелены на дзве часткі, і ў іх засяліліся іншыя людзі. Аднак іх лёс быў нешчаслівы — фашысцкія акупанты спалілі і дамы, і жыхароў. Вось што ўспаміналі пра трагедыю Ананій Пачкоўскі, Анфіса Зелянкевіч з Голбіі і Віталій Казаровец з Гуты (іх расказы запісалі вучні Гуцкай СШ пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Мікалая Арэха): «Група немцаў з 30 чалавек сагнала людзей у два дамы. Каго расстралялі, а каго спалілі жывымі. Забілі Фёдара Казароўца, яго жонку, дзвюх дачок і сына, а таксама Ясю з двума маленькімі дзецьмі, якая жыла ў другой палове хаты. У другой хаце параненая дзяўчына спрабавала збегчы праз шчыт дома, але яе таксама забілі. Валерый Пачкоўскі і два яго сыны ў той дзень нарыхтоўвалі дровы ў лесе каля Хардакова. Іх убачылі немцы, прывялі ў дом і сталі расстрэльваць. Аднаго забілі адразу, другога цяжка паранілі. Бацька прыкінуўся забітым. Немцы зачынілі дзверы і падпалілі дом. Каб ён хутчэй разгарэўся, пачалі біць вокны. Дзвюх дзяўчат, якія хацелі выскачыць праз акно, укінулі штыкамі назад. Валерый Пачкоўскі здагадаўся: калі акно выб’е сам, то немцы палічаць, што там ужо нехта з іхніх ёсць, і не падыдуць. Так і зрабіў. Дзякуючы чаму ўдалося выратавацца самому, а таксама параненаму сыну і яшчэ аднаму хлопцу. Пад покрывам дыму яны ўцяклі ў бок Гуты…» А 23 чалавекі загінулі.

Пра ўсё гэта гаварыў на адкрыцці помніка, якое адбылося напярэдадні Дня Перамогі, Мікалай Арэх. А старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская падзякавала Аляксандру Галяшу за яго высакародную справу. «Увекавечанне памяці бязвінна загінулых лічу сваім святым абавязкам, — адзначыў у гутарцы са мной Аляксандр Аляксандравіч. — У мяне падрастае трое дзяцей, і я хачу, каб яны жылі пад мірным небам і ведалі цану жыцця. Мой дзядуля ваяваў у партызанскім атрадзе. У пасляваенныя гады з’яўляўся старшынёй сельсавета, затым узначальваў калгас. Бабуля і яе малы сынок, які праз дзесяцігоддзі стаў маім татам, былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. А колькі людзей загінула!»

Гутчане ўскладаюць жывую гірлянду да падножжа помніка

Зараз на месцы Хардакова — вуліца Партызанская вёскі Гута, на якой жывуць прадстаўнікі новага пакалення. А ахвяры фашызму вечным сном спачываюць у роднай зямлі. Раней, калі жыццё гутчан віравала, брацкая магіла бязвінна загінулых была дагле­джанай, ля сціплага помніка лю­дзі збіраліся на мітынгі-рэквіемы. Але час наклаў свой адбітак, і святое месца стала выглядаць неналежным чынам. І вось дзякуючы ініцыятыве мясцовай улады і нераўнадушнасці індывідуальнага прадпрымальніка ўсё стала так годна, як і павінна быць.

Аляксандр Галяш

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.