Юбілейны медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў» напярэдадні свята атрымалі 70 ветэранаў і былых вязняў Пастаўшчыны.
Гэта ўзнагарода зацверджана Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. На аверсе медаля красуецца выява воіна-вызваліцеля з флагам, які развяваецца, партызана з аўтаматам у паднятай руцэ і жанчыны з букетам кветак. На рэверсе — надпіс з назвай медаля і вянок з лісця лаўра і дуба, абвіты стужкай. Юбілейны медаль зроблены з латуні.

У нашым раёне яго ўручэнне праходзіла з 30 красавіка па 8 мая. Улічваючы складаную эпідэміялагічную сітуацыю, кожны з 7 ветэранаў і 63 былых вязняў атрымаў медаль у той абстаноўцы, якую палічыў найбольш прымальнай для сябе. Некаму яго прывезла дэлегацыя, у якую ўваходзілі прадстаўнікі мясцовай улады, райваенкамата і раённага савета ветэранаў. Хтосьці атрымаў узнагароду з рук сацработніка ці старшыні сельскага Савета. А некаму яе перадалі родныя, папярэдне атрымаўшы ў адказных асоб.
Да медаля дадаваліся віншавальныя лісты-трохкутнікі за подпісам кіраўніка краіны і святочныя паштоўкі ад райвыканкама. Ветэраны атрымалі і падарункі, пра якія паклапаціліся раённая арганізацыя РГА «Белая Русь», Пастаўскі філіял Віцебскага абласнога спажыўтаварыства, ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі», Варапаеўская дыстанцыя пуці і УП «Віцебскаблсаюздрук». Ну і, вядома, шчырыя пажаданні моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. А галоўнае — словы ўдзячнасці за мужнасць і гераізм, мірнае неба над нашай Беларуссю.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара